Як арфаграфія ўплывае на атрыманне спадчыны?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пытанне: у мяне памерла маці, я звярнулася да натарыуса з заявай аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну і атрымала адказ, што для спадчыннай справы неабходна прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць сваяцкія адносіны са спадчынадаўцам.

Пачала іх збіраць і заўважыла, што ў маім пасведчанні аб нараджэнні ёсць недакладнасць у імені маці. Як быць?

Адказвае натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі Жанна Сёмуха:

– Доказамі сваяцкіх адносінаў спадчынніка і спадчынадаўцы з’яўляюцца копіі запісаў актаў грамадзянскага стану; пасведчанні аб рэгістрацыі такіх актаў; даведкі, якія ўтрымліваюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану; копіі рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні), аб устанаўленні факта сваяцкіх адносінаў. Менавіта гэтыя дакументы ці іх копіі далучаюцца да спадчыннай справы.

Змену прозвішча, імя, імя па бацьку спадчынніка пацвярджаюць копіі запісаў актаў грамадзянскага стану; пасведчанні аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану; даведкі, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану; копіі судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу; іншыя дакументы, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў.

Калі вы выявілі недакладнасць, для ўстанаўлення разыходжанняў, выкліканых розным напісаннем у прозвішчах, уласных імёнах, імёнах па бацьку дадаткова для пацвярджэння сваяцкіх адносінаў могуць быць запатрабаваны даведкі органаў і арганізацый па месцы работы або жыхарства, калі яны ў сукупнасці з іншымі дакументамі пацвярджаюць сваяцкія і іншыя адносіны.

Таксама натарыусам могуць выкарыстоўвацца даведнікі і слоўнікі асабістых імёнаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga