Некалькі дзён таму ў Гродне абмяркоўвалі пытанні, звязаныя са стварэннем даступнага і безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

На пасяджэнні намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк падкрэсліў, што ў вобласці праводзіцца значная работа па адаптацыі аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры для дадзенай катэгорыі грамадзян, абазначыў праблемы, якія існуюць сёння ў гэтым напрамку.

А як ідуць справы з безбар’ерным асяроддзем на Дзятлаўшчыне? На 1 ліпеня 2021 года ў нашым раёне сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі налічваецца 88 дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, моладзі ад 18 да 31 года – 91 чалавек, 749 дарослых і 1076 пенсіянераў. У сувязі з гэтым, арганізацыі даступнага асяроддзя надаецца значная ўвага. Пастаянна дзейнічае камісія па міжведамасным узаемадзеянні і кантролі за выкананнем мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб.

У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва за апошнюю пяцігодку на Дзятлаўшчыне быў выкананы спектр мерапрыемстваў па плане і звыш яго больш чым на 40 аб’ектах па стварэнні элементаў безбар’ернага асяроддзя. На 2021-2025 гады ў рамках ужо новай Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” таксама запланаваны рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў. Вось некаторыя з іх: Лапушанскі і Горкаўскі ФАПы – усталяваць пандус і поручань, нанесці кантрасную маркіроўку на шкляныя дзверы; два пад’езды жылога дома ў аграгарадку Гезгалы – зрабіць пандусы з поручнямі, нанесці кантрасную маркіроўку і панізіць бардзюрны камень.

Але, на жаль, на Дзятлаўшчыне яшчэ не ўсюды створаны ўмовы безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Старая планіроўка будынкаў не заўсёды дазваляе ўсталяваць неабходныя элементы даступнага асяроддзя. Недахоп фінансавых сродкаў таксама накладае след на абазначаную праблему.

Сваімі думкамі ад стварэння безбар’ернага асяроддзя на Дзятлаўшчыне падзяліўся член Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” ад Дзятлаўскага раёна Віталь Крэйдзіч з аграгарадка Гезгалы:

– Не магу сказаць, што наш раён поўнасцю “ўкамплектаваны” ўсімі неабходнымі элементамі даступнага асяроддзя. Аднак у гэтым напрамку вядзецца значная работа. Напрыклад, у горадзе Дзятлаве на аўтавакзале нанесена кантрасная маркіроўка на прылеглыя бардзюры, каля магазіна “Санта” пакладзена тактыльная плітка, на будынку раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўстаноўлена таблічка з шрыфтам Брайля і QR-кодам для атрымання ўсёй неабходнай інфармацыі аб установе, ёсць кнопка выкліку персаналу. Каля многіх аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры пакладзены тактыльныя рашоткі, якія адразу даюць мне зразумець, што наперадзе ўваход у арганізацыю. Крыўдна, што ў Дзятлаўскім раёне нідзе не ўстаноўлены моўныя інфарматары, якія сігналам папярэджваюць навакольных аб з’яўленні слаба або невідушчага чалавека і ў наступным галасавым суправаджэннем праз мабільную праграму арыентуюць яго на мясцовасці. Я лічу, што няма неабходнасці “адзначаць” інфарматарамі ўсе арганізацыі, дастаткова акцэнтаваць увагу на такіх сацыяльна-значных аб’ектах, як аўтавакзал, банкі, установы аховы здароўя, буйныя гандлёвыя сеткі. Таксама хацелася б, каб было больш тактыльных плітак. Па магчымасці, усталявалі спецыяльныя накіравальныя палосы з кропкамі прыняцця рашэнняў.

Меркаванне спецыяліста

Сёння вельмі важна ствараць даступнае асяроддзе. Так лічыць і дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык:

– Многія думаюць, што безбар’ернае асяроддзе створана толькі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак гэта не так. Уявім сітуацыю: маладая маці з грудным дзіцем хоча схадзіць у магазін, аптэку ці паліклініку, а неад’емнай часткай яе перамяшчэння з малышом з’яўляецца каляска. У гэтым выпадку пандусы будуць вельмі дарэчы. Ёсць людзі, у якіх няма групы інваліднасці, але з узростам пагоршыўся зрок – тактыльная плітка і кантрасная маркіроўка дзвярэй і ручак не будуць лішнімі і дапамогуць ім у нязручны момант. Банальныя поручні апынуцца “палачкай-ратавалачкай” для чалавека, які па няўдачным збегу абставінаў траўмаваў нагу. Безбар’ернае асяроддзе патрэбна многім, аднак, у першую чаргу, людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Каб яны жылі камфортна, пры будаўніцтве любога новага аб’екта неабходна ўлічваць усе “архітэктурныя” нюансы і прытрымлівацца замацаваных стандартаў даступнага асяроддзя. Таксама нельга забываць і пра тое, што перад тым, як ўводзіць у эксплуатацыю любы праект па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, у яго трэба “ўдыхнуць” жыццё: асабіста праверыць працу ўсіх “зручных” механізмаў – заехаць па пандусе на спецыяльнай калясцы; “пакарыць” лесвіцу, трымаючыся за поручань; закрыць вочы і паспрабаваць нагамі “пачуць” тактыльную плітку і, трохі прыжмурыўшыся, разглядзець перад сабой дзверы і ручку, якія размечаны кантраснай маркіроўкай. Нельга не адзначыць “карысны” скачок па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для людзей, якія слаба бачаць, у сферы інфармацыйных тэхналогій. Цяпер у свой “кішэнны” камп’ютар яны могуць усталяваць праграму “Моўны інфарматар”, якая заўсёды папярэдзіць аб наяўнасці наперадзе небяспечных перашкод і зарыентуе ў незнаёмай мясцовасці.

Спадзяёмся, што агульнымі намаганнямі мы дапаможам стварыць людзям з абмежаванымі магчымасцямі больш камфортныя ўмовы, каб яны маглі “ўпэўнена ісці па жыцці”.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Похожие публикации