Здецца, нядаўна пачыналася будаўніцтва новага шматкватэрнага дома па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве, а ўжо напрыканцы восені ў ім з’явяцца навасёлы, пераважна – шматдзетныя сем’і.

Будуецца ён за сродкі льготнага крэдытавання дольшчыкаў. Сем’і, якія маюць трое непаўнагадовых дзяцей, сёння могуць атрымаць істотную дзяржаўную падтрымку, а калі іх чацвёра – дзяржава бярэ “на сябе” ўвесь кошт кватэры.

Галоўны спецыяліст упраўлення капітальнага будаўніцтва Слонімскага раёна Алег Воранаў, які прыехаў на аб’ект, каб паназіраць за ходам работ, расказаў, што тут атрымаецца ў выніку:

– На сёння выкананы 100 % мантаж дома, накрыты дах, на 70 % устаноўлены аконныя блокі, дзверы. Дом створаны з новых сучасных панэляў, якія выдатна затрымліваюць цяпло ўнутры. Цяпер вядзецца добраўпарадкаванне і закладка камунікацый. Ужо праз некалькі тыдняў на аб’ект прыйдуць спецыялісты па аддзелачных работах.

Згодна з праектам, новы шматпавярховік будзе мець два пад’езды, 72 кватэры, сярод якіх – двух- і трохпакаёвыя. Частка навасёлаў атрымае новую кватэру “пад ключ”, а некаторыя выканаюць унутраную аддзелку самі (гэта акалічнасць залежыць ад аб’ёму крэдытавання і пажадання саміх жыльцоў). У кожнай кватэры будзе цэнтральнае ацяпленне і электрычныя пліты.

Будаўнікі праводзяць да дома ўсе камунікацыі – ваду, святло, каналізацыю. Спецыяльна для патрэбаў насельнікаў новага і іншых шматкватэрных дамоў па вуліцы Навагрудскай, побач з забудовай з’явіцца асобная паркоўка, якую закладваюць ужо сёння. Перад домам плануецца стварыць дзіцячую пляцоўку на плошчы 256 квадратных метраў з новым гульнявым абсталяваннем.

Забудоўшчыкам дома з’яўляецца ААТ “Гроднажылбуд” – самая магутная будаўнічая арганізацыя ў нашай вобласці, якая сама наймае субпадрадчыкаў для работ. Зараз на аб’екце працуюць будаўнікі з Ліды і Слоніма. Працэс ідзе вельмі бойка, і напярэдадні свайго прафесійнага свята будаўнікі традыцыйна – у працоўных клопатах. Работамі па добраўпарадкаванні тэрыторыі побач з домам кіруе прараб, начальнік участка Лідскай ДСПМК № 72 Мікалай Воляк. Выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, у будаўнічай сферы ён працуе па спецыяльнасці ўжо 16 гадоў, увесь гэты час займаецца добраўпарадкаваннем і камунікацыямі. З апошніх завершаных яго праектаў – работа на будаўніцтве шматпавярховых дамоў у Слоніме, Скідзелі, мікрараёне “Грандзічы” ў абласным цэнтры, дзе работнікі прадпрыемства стваралі новую вуліцу. На дзятлаўскай зямлі разам з Мікалаем Расціслававічам працуюць калегі з Ліды – дарожныя рабочыя і будаўнікі. Кожную раніцу яны за паўсотні кіламетраў прыязджаюць на аб’ект, а кожны вечар вяртаюцца назад да сваіх сем’яў. Дарэчы, калі ўзводзіўся каркас дома, іншагароднія будаўнікі працавалі ў Дзятлаве цэлымі суткамі. Прараб удзячны сваім падначаленым за працавітасць і адказныя адносіны да сваіх абавязкаў. Напярэдадні прафесійнага свята ён адрасуе словы пажаданняў сваім калегам-будаўнікам, тым, хто заўжды мае дачыненне да шчасця навасёлаў, якія атрымліваюць ключы ад сваіх новых кватэр:

– Усім, хто працуе на будаўніцтве, жадаю моцнага здароўя, удачы і дабрабыту. А ўсім, хто заселіцца ў новыя кватэры – застацца задаволенымі нашай працай і быць шчаслівымі ва ўласным жыллі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации