На чым трымаецца сапраўды шчаслівая сям’я?

Найперш – на каханні, узаемнай павазе, на любімых дзецях і гаспадарцы, пабудаванай разам сваімі сіламі, на цярплівасці і спагадзе, якія муж і жонка дораць адзін аднаму. А яшчэ – на агульных інтарэсах і марах, у якіх гатовыя падтрымліваць адзін аднаго заўжды. Работніцы сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва наведалі з віншаваннямі такіх асаблівых “маладажонаў”, сёлетніх залатых юбіляраў.

Родам з вёскі

Іосіф і Яніна Марцінчыкі прайшлі свой педагагічны і сямейны шлях рука ў руцэ, душа ў душу, гледзячы разам у адным напрамку. Яніна Юльянаўна Марцінчык (у дзявоцтве – Скіба) нарадзілася на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Лозкі, што побач з маляўнічым урочышчам Скібы. Жанчына расказвае, што гэта асаблівае месца займела назву ад сваіх жыхароў, якія насілі такое прозвішча. Сям’я іх была небагатая, тата працаваў нарыхтоўшчыкам грыбоў і ягад. Ад самага маленства дзеці ведалі цану працы: разам з бацькамі яны праводзілі ў лесе ўвесь ягадны і грыбны сезон, зарабляючы сабе грошы на кнігі, школьныя прылады і адзенне. У спадчыну ад бацькоў жанчына атрымала веды пра лекавыя расліны, якія і сёння прымяняе на практыцы.

– Мой тата быў выдатным пчаляром, шчодра дзяліўся з суседзямі мёдам і сакрэтамі справы.

Яніна была ў школе выдатніцай і актывісткай, шмат чытала, цягнулася да ведаў, з’яўлялася старшынёй савета атрада, сакратаром камсамольскай арганізацыі школы. Асабліва любіла геаграфію і гісторыю, ёй давяралі праводзіць класныя гадзіны на краязнаўчыя тэмы. Жанчына ўдзячная школьным педагогам, якія прывілі сваім вучням любоў да роднага краю і характар няўрымслівых шукальнікаў.

Праз гады Яніна Юльянаўна ўзгадвае словы матулі: “Вучыцеся, дзеткі, каб вам лягчэй, чым нам, жылося”.

Выпускніцай школы яна марыла аб вышэйшай адукацыі. Паспрабавала свае сілы пры паступленні ў інстытут, здала іспыты на “добра”, але не прайшла па конкурсе. Прыехала важатай у школу ў Малых Шастаках, але мары аб інстытуце не пакінула, рыхтавалася да паступлення на завочнае аддзяленне. Тут яна пазнаёмілася з будучым мужам Іосіфам Міхайлавічам, добрым вясковым хлопцам, які працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Даведаўшыся, што дзяўчына збіраецца паступаць на гістарычны факультэт, прапанаваў падрыхтавацца і паспрабаваць сілы разам.

Заўжды разам

З таго часу пайшлі адной сцяжынай – і ў педагогіцы, і ў жыцці. Аб гэтым нагадвае сумесны фотаздымак, які зрабілі на заканчэнні інстытута. Ён займае цэнтральнае месца ў сямейнай галерэі Марцінчыкаў. Маладыя педагогі шчыра любілі сваю прафесію, школу, вучняў. Яна падтрымлівала свайго мужа ва ўсіх праектах і пачынаннях, а ён аберагаў яе, як найвялікшую ў свеце каштоўнасць. Тады і цяпер.

Там, у Малых Шастаках, сям’я пражыла сем гадоў на прыватнай кватэры, нарадзіўся іх першынец Сашка. Садкоў у вёсцы не было, і пакуль бацькі працавалі, з сынам дапамагала бабуля-суседка.

Няпроста было маладым людзям кватараваць у чужым доме, думкі цягнуліся да малой радзімы. А па начах у сне прыходзілі родныя краявіды.

– Калі чакалі другога сына, нават прасілі перавесціся ў Лявонавіцкую школу, бліжэй да бацькоў, але не атрымалася, – са шкадаваннем кажа жанчына.

Прафесійны маршрут Марцінчыкаў пралягаў да вёскі Падвялікае, куды іх перавялі працаваць у васьмігадовую школу. Тут зноў жылі на чужой кватэры. Іосіф Міхайлавіч займаў пасаду дырэктара, Яніна Юльянаўна працавала настаўніцай гісторыі, а таксама хіміі і біялогіі. Праз два гады ў Явар ехалі з вялікім задавальненнем: там іх чакала асобная кватэра ў Сачыўлянах, якую выдзелілі ім ад школы! Гэта зямля стала для настаўнікаў другой радзімай, прынесла часы сапраўднага шчасця, прафесійнага росту і творчасці. Натхнёныя сваёй справай настаўнікі мянялі школу да лепшага, сваімі рукамі разам з калегамі рабілі рамонт і перайначвалі кабінеты навучальнай установы, прышкольную тэрыторыю.

Яніна Юльянаўна актыўна займалася пазакласнай работай. Разам з дзецьмі ў час канікулаў рыхтавалі канцэртныя праграмы, з якімі наведвалі працаўнікоў у полі. За грамадскую работу настаўніца не раз атрымлівала прэмію і ўзнагароджвалася турыстычнымі паездкамі, адкуль прывозіла новыя ўражанні, веды і паштоўкі з адметнымі мясцінамі, якія затым служылі дыдактычным матэрыялам на ўроках. Апантаныя краязнаўчай работай, разам з мужам і калегамі яны стварылі першы ў раёне школьны музей этнаграфіі “Мой родны кут”. У школе вялася вялікая работа па зборы і публікацыі інфармацыі аб Вялікай Айчыннай вайне, якая затым папоўніла экспазіцыю Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. У вольныя ад педагогікі хвіліны жанчына захаплялася зёлкамі, стварала лекавыя зборы, як навучыла яе матуля, вырошчвала хатнія кветкі.

 

Праз выпрабаванні, якія шчодра выпалі на долю сям’і Марцінчыкаў, яны прайшлі разам, не губляючы аптымізму і веры ў лепшае. З 2008 года сям’я жыве ў Дзятлаве, настаўнікі знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Аднак не зарастае сцяжына да іх дома: вопыт і веды настаўнікаў патрэбны сучасным педагогам, якія звяртаюцца па парады да старэйшых калегаў.

Яніна і Іосіф Марцінчыкі даволі рана страцілі бацькоў, але дагэтуль падтрымліваюць цесную сувязь са сваёй раднёй. Кожнае лета ўсю вялікую сям’ю прымае гасцінны дом у Скібах – малая радзіма, месца, дзе сыходзяцца ўсе дарогі.

Наталля АВЯРЧУК

Похожие публикации