Веру Іосіфаўну Ціхановіч ведаю даўно, яшчэ з таго часу, калі ў лютым 2004 года калектыў гімназіі і прафсаюзны камітэт запрасілі на сустрэчу настаўнікаў-ветэранаў другой школы.

Сярод тых, хто прыйшоў, была і Вера Іосіфаўна – бадзёрая, сімпатычная жанчына, акуратна апранутая, падцягнутая. Пасля той сустрэчы яна была частым госцем гімназіі, дзеці віншавалі яе са святамі, насілі былой настаўніцы невялічкія сувеніры, кветкі. Мы сталі вітацца, зрэдку размаўляць, бо кожны дзень праходжу некалькі разоў каля хаты Веры Іосіфаўны па дарозе на працу і дадому. І заўсёды здзіўляюся руплівасці гэтай жанчыны, яе любові да зямлі, кветак, працы ў агародзе. У яе ідэальная чысціня на падворку, а перад вокнамі – каляровы акіян. Вера Іосіфаўна любіць дзяліцца сваімі набыткамі з такімі ж аматарамі кветак, як і сама, – насеннем, цыбулінамі цюльпанаў, першымі вясновымі фіялкамі.

А вось пагаварыць па шчырасці давялося толькі нядаўна, калі даведалася пра тое, што сям’я Веры Ціхановіч – пасляваенныя перасяленцы з Беластоцкай вобласці.

Вера Калодка (Ціхановіч па мужу) нарадзілася ў вёсцы Зачарляны, што за дванаццаць кіламетраў ад Беластока, 9 студзеня 1935 года. Яшчэ і сёння помніць назвы навакольных вёсак – Бацюты, Завады, Гаёўнікі, Харошч, Старасельцы. Тата Іосіф (Юзік) і маці Марыя (у дзявоцтве Грынаш) – сяляне. Мелі некалькі невялікіх кавалкаў зямлі, з якой і жылі. Жылі ў той мясцовасці спрадвеку, былі беларусамі праваслаўнага веравызнання. У сям’і нарадзілася трое дзяцей: Пётр, Вера і Ліда. Вера – сярэдняя.

Калі пачалася вайна, іх вёска жыла звычайным жыццём – аралі зямлю, вырошчвалі хлеб, гадавалі дзяцей. Маленькая Вера запомніла, ды і мама расказвала потым, што немцы былі ў вёсцы праездам, усяго некалькі дзён, а потым іх ніхто і не бачыў. Вера Іосіфаўна толькі добра запомніла Дзень Перамогі, менавіта 9 мая, калі праз іх вёску праехала машына з савецкімі салдатамі і над ёй лунаў чырвоны сцяг. І жыццё працягвалася, як звычайна. Яшчэ з год, да сярэдзіны 1946-га.

Гістарычная даведка

9 верасня 1944 г. паміж урадамі БССР і Польскім камітэтам Нацыянальнага вызвалення было падпісана пагадненне аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і польскіх грамадзян, якія мелі польскае грамадзянства да 17 верасня 1939 г., з тэрыторыі БССР на падставе рашэнняў Тэгеранскай (1943 г.) і Ялцінскай (1945 г.) канферэнцый аб новай мяжы паміж СССР і Польшчай.

У адпаведнасці з гэтым пагадненнем для яго практычнага ажыццяўлення абодва бакі стварылі спецыяльныя апараты Галоўных Упаўнаважаных і Галоўных Прадстаўнікоў. Апарат Галоўнага Упаўнаважанага БССР размяшчаўся ў г. Беластоку, а польскага – у Баранавічах.

Першапачаткова меркавалася завяршыць перамяшчэнне беларускага і польскага насельніцтва на 1 лютага 1945 г., аднак потым тэрмін рэгістрацыі і эвакуацыі быў працягнуты да 15 чэрвеня 1946 г.

Перасяленне 1946 года абрынулася на жыхароў беларускай вёскі Зачарляны і навакольных вёсак страшнай весткай. Гэта было шокам – пакінуць хату, абжытае месца, частку набыткаў, рушыць у дарогу невядома куды. А што там? Ды яшчэ на руках трое дзяцей. Аднак сітуацыя складалася трывожная. Актывізаваліся польскія нацыяналісты, якія не толькі абіралі праваслаўных беларусаў, але і забівалі ні ў чым не вінаватых людзей, у большасці мужчын. Прыходзілі да праваслаўных ноччу ў масках, каб ніхто не пазнаў, загружалі на воз самае каштоўнае, забіралі жывёлу і прымушалі гаспадара везці маёмасць у лес. Жонкі лямантавалі, станавіліся на калені, прасілі не чапаць мужчын, але адказ быў адзін: “Няхай пані не хвалюецца, муж хутка вернецца.” Вярталіся ж адзінкі, астатнія знікалі бясследна.

Вера Іосіфаўна расказала два выпадкі, якія добра помніць. Яны здарыліся з яе аднавяскоўцамі. Аднойчы ноччу аднаго з іх забралі разам з маёмасцю, абяцалі, што адпусцяць, але прайшоў тыдзень, другі – мужчына не вярнуўся. І толькі праз некаторы час яго цела знайшлі на ўскрайку лесу, яно было прыхавана пад ссечаным бярозавым галлём. Галлё пачало вянуць, і людзі зачапілі яго, пацягнулі. Спачатку заўважылі руку, а потым і самога мужчыну. Яго пазналі па адзенні.

Другі ж выпадак быў яшчэ страшнейшы, дзяўчынка бачыла ўсё на свае вочы. Забралі ў маці адзінага сына, прымусілі таксама ехаць з нарабаваным у лес. Хлопец заўпарціўся, і яго застрэлілі на вачах у маці. Жанчына пачала лямантаваць, кідацца ў роспачы, тады бандыты забілі і яе. Вера з іншымі аднавяскоўцамі хадзіла на пахаванне і запомніла на ўсё жыццё дзве труны, якія стаялі ў адной хаце – маці і сына.

Кожны дзень прыходзілі новыя страшныя навіны: то ў той вёсцы забілі знаёмага, то ў іншай. І тады бацька вырашае – трэба ехаць. Пакавалі ўсё, што можна: асабістыя і хатнія рэчы, мэблю, бралі з сабой жывёлу і нават сена ў цюках. Бацька перанёс перасяленне лягчэй – узяў на сябе рашэнне і адказнасць за сям’ю, таму трымаўся, а вось маці. Яна так і не прывыкла потым да новага месца, рана сышла ў лепшы свет, усяго ў сорак сем гадоў.

Адпраўляліся з Беластока цягнікамі. Кожнай сям’і выдзялялі частку вагона, куды можна было скласці свой набытак, паставіць жывёлу. Людзі ехалі проста ў белы свет, спадзеючыся, што неяк прыстасуюцца, што іх не кінуць улады, выдзеляць нейкае жытло. Сыходзілі некаторыя ў Баранавічах, а вось жыхары іх вёскі даехалі да Наваельні. Тут ім сказалі, што ўсе будуць размешчаны ў Дзятлаве.

Так Калодкі апынуліся на вуліцы Чапаева. У хаце размясцілі аж тры сям’і, ім дастаўся толькі адзін пакой, бо жылля не хапала. Выкарыстоўвалі для перасяленцаў тыя хаты, што пакінулі палякі, якія накіраваліся на гістарычную радзіму.

Паступова жыццё наладжвалася, Вера пайшла ў школу,якая знаходзілася ў сучасным гарадскім парку. На той час гэта быў невялікі будынак, у якім яна вучылася некалькі гадоў. А вось апошнія гады вучобы прайшлі ў будынку сучаснай школы мастацтваў. Потым было паступленне ў Гродзенскі педагагічны інстытут, ранняе замужжа, праца ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры. З мужам ёй пашанцавала, жылі дружна, мелі двух сыноў – Іосіфа і Юру. Муж быў аграномам, доўгі час сям’я жыла і працавала ў Нагародавічах, пазней пераехалі ў Дзятлава. Аднак і Веру Іосіфаўну не абмінуў цяжкі лёс – яна страціла сына Юру, рана пакінуў яе і муж .

Зараз Вера Іосіфаўна жыве адна, паціху спраўляецца з хатнімі клопатамі, рупіцца на агародзе. Часта прыязджае сын Іосіф, дапамагае, падтрымлівае матэрыяльна. А доўгімі зімовымі начамі жанчына ўспамінае сваё маленства і юнацтва, тыя далёкія пасляваенныя гады, калі жыццё павярнулася зусім у іншы кірунак. Ні пра што не шкадуе. Што было, тое было, лёс свой чалавек не можа змяніць. Але, гледзячы тэлевізар, абураецца і  заўсёды згаджаецца з думкай, што нельга дапусціць паўтарэння тых часоў, калі людзі забівалі адзін аднаго па прычыне рознай нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці. На беларускай зямлі такое дапусціць нельга.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага  музея

 

Похожие публикации