Гэту нетрывіяльную рабочую схему паспяхова рэалізуе Дзятлаўскі лясгас, які зрабіў стаўку на павышэнне якасці прадукцыі. Напрыканцы 2020 года ў Вензаўцы адкрыўся новы лесапільны цэх, які працуе на базе сучаснай дрэваапрацоўчай лініі “Вrodpol”.
Цэх здольны перапрацоўваць да тысячы кубічных метраў драўніны штомесяц. Сучасная лінія – першая ў Дзятлаўскім лясгасе, на якой выпускаюць дошкі даўжынёй больш за пяць метраў, што цэняцца ў Беларусі і за мяжой. Палова вырабленай прадукцыі экспартуецца, другая – пастаўляецца на беларускі рынак дзяржаўным прадпрыемствам па дастойным кошце.
– Сучасная лінія з такімі магчымасцямі – добры набытак для нашага лясгаса, – заўважае галоўны інжынер Віталь Квецень. – Дзякуючы гэтаму, мы можам павялічыць рыначны кошт прадукцыі, не павышаючы выдаткі на тэхналагічны працэс і работнікаў. Наступны крок – з’яўленне ў цэху новага сушыльнага абсталявання, што дазволіць павысіць кошт гатовай прадукцыі. Да канца чэрвеня будзе добраўпарадкавана тэрыторыя вакол новага цэха з абсталяваннем пляцовак пад пілавінне і апілкі, высадкай дэкаратыўных дрэў. Вытворчасць стане практычна безадходнай.
Сёння ў новым цэху працуе шэсць чалавек. Аднак хутка дрэваапрацоўчая лінія будзе дапоўнена новым абсталяваннем, якое дазволіць паменшыць долю ручной працы ў цэху, не згубіўшы ў аб’ёмах вытворчасці. Абсталяванне будзе працаваць у аўтаматычным рэжыме пад пільным кантролем спецыялістаў.
– Дзякуючы аўтаматызацыі ў цэху вызваліцца два працоўныя месцы, – заўважае Віталь Іосіфавіч. – Аднак ніводзін работнік не застанецца без справы: на працягу года адбудзецца мадэрнізацыя старога цэха з заменай абсталявання, там і будуць працаваць нашы спецыялісты. Абнаўленне цэха ў Вензаўцы мае яшчэ адзін станоўчы момант: сучасная дрэваапрацоўчая лінія дазваляе больш ашчадна апрацоўваць сыравіну. Таму, як запэўніваюць у лясгасе, нягледзячы на скарачэнне выкарыстання драўніны з 25 да 15 тысяч кубічных метраў за год, выручка цэха ўзрасце.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga