Выніковым быў сёлетні ўдзел шматдзетнай прыёмнай матулі з Дзятлава Людмілы Асіпук-Фатон, якая выхавала 22 дзіцяці, у рэспубліканскім конкурсе Беларускага саюза жанчын “Жанчына года-2020”.

Высокі тытул заслужана прысуджаны Людміле Мікалаеўне ў намінацыі “Мацярынская слава”.

Наша зямлячка згадзілася расказаць, якім быў яе шлях да гэтай вяршыні.

Запрашэнне стала нечаканасцю

– Аб тым, што праходзіць конкурс “Жанчына года”, я ведала, бо ў мяне бралі фотаздымкі, час ад часу тэлефанавалі з раённай жаночай арганізацыі і райвыканкама, але я не думала, што стану пераможцай, – прызнаецца Людміла Асіпук-Фатон. – Запрашэнне на цырымонію было сюрпрызам, за які вельмі ўдзячна ўсім, хто паклапаціўся аб маім удзеле ў конкурсе. Паездка ў Мінск стала сапраўдным святам.

Сустрэча ў сталіцы праходзіла на самым высокім узроўні. Хвалююча было падымацца на сцэну. Дыплом мне ўручаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Вельмі спадабаўся святочны канцэрт, які для ўдзельніц цырымоніі падрыхтавалі беларускія артысты і калектывы. Песні, танцавальныя нумары, шчырыя словы – усё кранала да слёз.

Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло

Дарога да поспеху не бывае гладкай, так здарылася і ў Людмілы Асіпук. Яе жыццё ў 38 гадоў перавярнула хвароба: медыкі толькі разводзілі рукамі, давалі несуцяшальныя прагнозы. Дома ж матулю чакалі двое малых дзяцей і муж. Людміла вельмі баялася, што яе сыны могуць трапіць у інтэрнат. На бальнічным ложку яна пачала шчыра маліцца, паабяцала Богу, што, калі паправіцца, выканае любую яго волю.

Праз некалькі дзён без дазволу доктара Людміла з’ехала дамоў, яна стала адчуваць сябе лепш. Разам з тым, наша зямлячка адзначала цікавыя рэчы.

– Адкрываю газету – бачу артыкул пра дзяцей-сірот, – успамінае тыя падзеі Людміла Мікалаеўна. – Уключаю тэлевізар – ідзе праграма пра дзіцячы дом сямейнага тыпу. Прыязджаю да сяброўкі – у той з дзвярэй падае каляндар, адкрываецца рэклама ўсынаўлення. Тады я зразумела, што гэта “падказкі” для мяне, бо хацела яшчэ выгадаваць дачушку, а хвароба перакрэсліла планы.

З мужам вырашылі ўзяць немаўлятка. Паехалі ў Гродна, у дзіцячы дом. Там былі толькі хлопчыкі, пра адзіную дзяўчынку сказалі, што яна хворая. Я нахілілася да дзіцяці, усміхнулася, а яна – падарыла ўсмешку ў адказ. Я зразумела: гэта маё дзіця. Так мы забралі Карыну. Не ведаю, якія хваробы ёй ставілі медыкі, у нас яна хутка развівалася, была кемлівай, добразычлівай дзяўчынкай. Цяпер яна замужам і па-ранейшаму застаецца клапатлівай дачкой.

Як кволых птушанят, збірала пад крыло

На гэтым Людміла Асіпук не спынілася: у яе было вялікае жаданне дарыць мацярынскую пяшчоту пакінутым дзецям. Сям’я вырашыла ўзяць для Карыны сястрычку-равесніцу, але ў тым жа дзіцячым доме дзесяцігадовы сын Паша, які прыехаў разам з бацькамі, у стосе дакументаў заўважыў фотаздымак хлопчыка, вельмі падобнага да сябе. Ён так прасіў забраць “браціка”, што бацькі не змаглі адмовіць. Так у сям’ю трапіў Андрэй.

Неяк у Цэнтры ўсынаўлення ў Мінску Людміла Мікалаеўна ўбачыла плакат, дзе прапаноўваліся на ўсынаўленне дзеці-мулаты. Дзяўчынка з плаката была маленькай прыгажуняй, яна яшчэ потым доўга снілася прыёмнай матулі. У выніку, з Жодзінскага дзіцячага дома сям’я забрала чатырохгадовую мараканку Моніку. Пакуль Асіпукі афармлялі на яе дакументы, ім прапанавалі пазнаёміцца з дванаццацігадовым Майклам, які ў хуткім часе стаў новым членам іх сям’і.

Здавалася б, жыві ды радуйся, але Людмілу Мікалаеўну спасцігла новая трагедыя: нечакана, вяртаючыся дамоў з работы, памёр муж.

Людміла разумела, што цяпер ставіць на крыло сваіх птушанят ёй давядзецца адной. Тым не менш, афармляючы дакументы на атрыманне дапамогі па страце кармільца, яна даведалася, што ў Андрэя ёсць яшчэ два родныя браты, якія знаходзяцца ў Дзятлаўскім доме-інтэрнаце. Праз некаторы час Людміла Мікалаеўна забрала хлопчыкаў сабе. Пазней ёй з-за хваробы брата давялося самой гадаваць пляменніц Кацю і Лену.

Дарога да роднага парога

Дзяцей у Людмілы станавілася ўсё больш, гадаваць іх адной было складана. Нечакана прыёмную матулю запрасілі на міжнародную канферэнцыю: падзяліцца вопытам выхавання ў інтэрнацыянальнай сям’і.

– Са сцэны я расказала, што ўдзячна Богу за дзетак, але на самой справе не магу многіх усынавіць, бо не дазваляе жылплошча. Расплакалася і выйшла з залы, – узгадвае паездку Людміла Мікалаеўна. – у калідор за мной выбегла невысокая жанчына. Сказала: “Дык вось дзеля каго я прыехала ў Мінск”. Гэта была немка Лінда Эверт, прадстаўніца дабрачыннага фонду. Яна ўзяла мае кантакты. Пазней нас з дзецьмі некалькі разоў запрашалі ў Германію адпачываць на моры, вельмі дапамаглі адзеннем, бытавой тэхнікай. Але самы вялікі цуд – наш новы дом. Пасля таго, як я выйшла, удзельнікі канферэнцыі вырашылі аказаць нам дапамогу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Як усё адбывалася, дакладна не ведаю, але на Нараджэнне Хрыстова ў 2001 годзе мы пераехалі з Казлоўшчыны ў Дзятлава.

Праз наш вялікі ўтульны дом афіцыйна прайшло больш за два дзясяткі дзяцей, многіх мы бралі адпачыць на канікулы ці выхадныя, – узгадвае летапіс сваёй сям’і прыёмная матуля.

Усяго Людміла Мікалаеўна выгадавала двух родных сыноў, усынавіла 8 і ўзяла пад апеку 14 дзетак, ужо дачакалася 19 унукаў. Цяпер гадаваць сямнаццацігадовага Аляксея, шаснаццацігадовую Наталлю, дванаццацігадовую Марыну, дзесяцігадовую Ульяну ёй дапамагае муж Рышар.

Сыноў і дачок матуля вучыць галоўнаму: быць годнымі людзьмі, паважаць старэйшых. Самая вялікая яе мара – каб усе яны былі здаровыя. Ніколі Людміла Асіпук-Фатон не дзеліць дзяцей на “сваіх” і “чужых”, таму ёй удаецца падабраць ключык да кожнага маленькага сэрца. Пакінутых дзетак, якіх лёс прывёў на парог дома Людмілы Мікалаеўны, заўсёды будзе саграваць любоў яе вялікага мацярынскага сэрца.

Ірына СТЫРНІК

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации