“Каб спявала на радасць усім і каб была я шчасліваю”, – агучыла сваё крэда са школьнай сцэны тады яшчэ вучаніца трэцяга класа Віялета Юшкевіч.
Гэта было яе першае сольнае вакальнае выступленне. Мінула ўсяго чатыры гады, і дзяўчына стала пераможцай міжнароднага разнажанравага конкурсу “Зімовая хваля”. Шлях да мары няпросты, але ў ім юная спявачка не адна, а побач з самымі блізкімі людзьмі, у якіх лёгка вучыцца і для каго хочацца спяваць.
Дзяўчынка-песня
Па словах мамы Віялеты, Вольгі Юшкевіч, дзяўчынка спявала заўсёды, з самага ранняга дзяцінства. Калі гуляла ў лялькі, увесь час напявала ім песні. Аднак у дзіцячым садзе да публічных выступленняў не цягнулася.
Шчаслівым выпадкам стала тое, што ў першы клас Віялета пайшла да Аліны Райдзюк, якая неад’емнай часткай вучэбнага працэсу лічыла спевы. Дзеці развучвалі новыя песні і з задавальненнем спявалі штодня разам з настаўніцай. Тады ж, у пачатковай школе, цікавую манеру выканання і чысты голас Віялеты пачулі і заўважылі настаўнікі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Разам з іншымі здольнымі да спеваў вучнямі школы яна патрапіла “пад крыло” да творчага і амбіцыёзнага музычнага кіраўніка Валянціна Палухіна, з якім яны супрацоўнічаюць дагэтуль.
– Нам пашанцавала, што жывём у час сучасных тэхналогій, усё можна зняць на тэлефон і пакінуць на памяць, – кажа мама Віялеты.
У Вольгі Вацлаваўны – цэлы архіў сцэнічных выступленняў дачушкі і нават сольны дэбют, дзе маленькая артыстка бойка спявала ў пачатковай школе “Маленькі джаз”.
Сёння ў скарбонцы ўзыходзячай зорачкі і ў відэаархіве сям’і Юшкевічаў не адзін дзясятак выступленняў на школьнай, раённай і рэспубліканскай сцэне. Мама заўсёды побач. Яна прадзюсар, касцюмер, дарадца і, вядома, самы ўдзячны глядач і прыхільнік творчасці.
– Не загарамі час, калі Віялеце давядзецца выбіраць справу жыцця. Калі ёю стане музыка, вы не будзеце супраць? – пытаюся ў Вольгі Вацлаваўны.
– Я буду толькі рада! Калі Віялета выбера занятак па душы і будзе з задавальненнем ім займацца, мы будзем шчаслівыя разам з ёй.
Двайны дэбют
Яны знайшлі адна адну. Малады спецыяліст Ірына Касацікава, якая прыйшла працаваць па размеркаванні пасля Лідскага музычнага каледжа ў дзіцячую школу мастацтваў, і навучэнка гэтай самай школы Віялета Юшкевіч, якая другі год наведвала заняткі па вакале, але пра ўдзел у конкурсах нават не марыла.
Прыехаўшы ў Дзятлава, Ірына Генадзьеўна атрымала “ў спадчыну” справы пасля сваёй калегі-папярэдніцы Вольгі Герашчанка. Калі прыступіла да хору і індывідуальных заняткаў па вакале, асабіста праслухоўвала кожнага з вучняў. Педагог была ўражана чыстым голасам і эстраднай манерай выканання дзяўчынкі.
– Скажу шчыра, я не мела вопыту выкладання вакалу. Але ў час майго навучання ў музычнай школе я сама не раз удзельнічала ў вакальных конкурсах, таму маю вопыт, як кажуць, ад першай асобы. Праз некаторы час заняткаў з Віялетай я падумала “а чаму б не?”, усе даныя для ўдзелу ў конкурсах у дзяўчынкі ёсць, застаецца добра падабраць рэпертуар і плённа папрацаваць.
Дзяўчынка з задавальненнем выступала ў складзе калектыву, добра іграла на фартэпіяна ў час канцэртаў школы мастацтваў, а вось спяваць сольна не адважвалася.
Ірына Генадзьеўна ўзгадвае, як Віялета ўпершыню выйшла на сцэну ў Івацэвічах у час рэспубліканскага конкурсу “Запаліць зорку”.
– Мы суправаджалі Віялету на конкурс разам з маім мужам. Бачым, яна выйшла на сцэну і стаіць, вялікімі вачыма аглядаючы залу. Мы нават пачалі перажываць, што перадумае выступаць. Але загучала музыка, Віялета заспявала, і ўсё стала на свае месцы.
Прыемнае здзіўленне не пакідала дзяўчынку і яе педагога ў час абвяшчэння вынікаў конкурсу, калі пачулі, што сталі лаўрэатамі другой ступені. Гэта было крыху нечакана і вельмі прыемна для ўсіх – і педагогаў, і бацькоў юнай спявачкі. Вярнуўшыся дамоў, дзявочы тандэм прадоўжыў настойлівую працу і сёлета пакарыў міжнародную вяршыню. Віялета Юшкевіч – дыпламант І ступені міжнароднага разнажанравага конкурсу “Зімовая хваля”. Сустракаючыся з Ірынай Касацікавай напярэдадні 8 Сакавіка, я пацікавілася ў яе, што трэба для перамогі ў песенным конкурсе.
– Шмат чаго патрэбна, тут дробязяў не бывае, – кажа Ірына Генадзьеўна. – Вельмі важны рэпертуар: мы падбіраем песні, з якімі дзеці выступаюць на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Трэба, каб песня пасавала па ўзросце і тэмпераменце, тады яна загучыць.
– Чаго больш за ўсё не хапае ў падрыхтоўцы да конкурсаў?
– Часу. Занятак па вакале раз на тыдзень, і ён непрацяглы. Таму стараемся дамаўляцца, займацца дадаткова, хоць абедзве мы моцна занятыя: Віялета старанна вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, а я атрымліваю завочна вышэйшую адукацыю.
– Вы ведаеце рэцэпт падтрымання выдатнага голасу?
– Мы яго толькі вынаходзім разам з вучнямі. Але ўсё проста: больш адпачываць, добра спаць, не засмучацца па дробязях – берагчы сябе.
– Ці давялося вам спяваць дуэтам з Віялетай?
– Дуэт яшчэ трэба падрыхтаваць. Тым больш, у нас розны тэмбр голасу: у мяне народны, у яе – эстрадны. Але абавязкова заспяваем на выпускным канцэрце.
Ірына Касацікава і Віялета ў творчым тандэме ўжо трэці год. Шмат чаго зроблена, але яшчэ больш – наперадзе, трэба толькі шмат працаваць і не здавацца. Цяпер педагог і вучаніца рыхтуюцца да чарговага конкурсу, да таго ж, дзяўчыну, якую заўважылі на творчых спаборніцтвах, ужо чакаюць на праслухоўванне ў Лідскім музычным каледжы. Як кажа Ірына Генадзьеўна, гэта добрая перспектыва. Вопытным шляхам яны разам знайшлі тую самую трапную сцяжыну – шлях да эстраднай песні, якая, магчыма, стане для дзяўчыны шляхам да сябе.
Бліц-апытанне для Віялеты:
– Дзе больш за ўсё любіш спяваць?
– У сваім пакоі дома, калі дзверы зачыненыя.
– На якой сцэне марыш выступіць?
– Хацелася б на міжнародным конкурсе – дзіцячым “Еўрабачанні” або праекце “Голас. Дзеці”.
– З кім бы заспявала дуэтам?
– З кім-небудзь з сучасных спевакоў ці спявачак. Ягорам Крыдам, напрыклад.
– Як павіншуеш маму з жаночым днём?
– Абдыму мамачку моцна, пацалую і скажу, як моцна яе люблю.
Наталля АВЯРЧУК