Намесніца дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталля Клімец –дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу – падзялілася сваімі ўражаннямі ад форуму.

– Мне выпаў гонар стаць удзельніцай такога значнага мерапрыемства і для краіны ў цэлым, і для кожнага дэлегата паасобку.

Я адчувала, што знаходжуся ў калектыве аднадумцаў, аб’яднаных упэўненасцю ў тым, што Беларусь была, ёсць і застанецца прыгожай, шчаслівай і мірнай краінай. Побач са мной былі сур’ёзныя, разважлівыя, адкрытыя і сумленныя людзі, адпаведна, і размова атрымалася такой жа.

Яшчэ раз упэўнілася, што ўсе мы нясём адказнасць за лёс нашай краіны. Кожны беларус мае роўныя стартавыя ўмовы для таго, каб стаць паспяховым і мяняць жыццё сваёй Радзімы да лепшага.

І мы, педагогі, я лічу, павінны прыкласці каласальныя намаганні, каб забяспечыць нашым дзецям годную падрыхтоўку да дарослага жыцця, як тэарэтычную, так і практычную. Нам неабходна вырасціць пакаленне вынаходнікаў і прадпрымальнікаў, але не забываць пра тое, што ў першую чаргу яны – грамадзяне сваёй краіны, якія павінны шчыра любіць родную зямлю, ганарыцца дасягненнямі свайго народа, беражліва адносіцца да гістарычнай спадчыны, паважаць традыцыі і каштоўнасці многіх пакаленняў беларусаў. І гэта павінна быць не на словах, а пацвярджацца канкрэтнымі справамі на карысць нашай Беларусі.

Я думаю, кожнаму з нас трэба ўсвядоміць галоўнае, што сёння менавіта ад нашых рашэнняў, грамадзянскай пазіцыі, асабістага ўкладу залежыць тое, што адбываецца сёння ў нашай краіне, і тое, якой яна будзе заўтра. Мы хочам добрага жыцця – так мы ж яго і павінны ствараць! А для гэтага трэба зрабіць самую драбніцу – кожнаму на сваім рабочым месцы працаваць сумленна!

Ірына СТЫРНІК

Похожие публикации