Аднойчы пачутыя гітарныя акорды запалілі і ў яго сэрцы жаданне навучыцца іграць на гэтым музычным інструменце.

Мара здзейснілася. Сёння Уладзіслаў Хіркоўскі з’яўляецца вучнем Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама лаўрэатам трэцяй ступені абласнога конкурсу імя К. Горскага.
— Для мяне такі вынік на конкурсе быў неспадзяванасцю, — гаворыць Уладзіслаў. І тут жа жартуе: — Я нават падумаў, што мяне разыгрываюць.
Ужо некалькі гадоў Уладзіслаў займаецца ў Андрэя Яўгенавіча Цыгеля. З’яўляецца ўдзельнікам школьнага квартэта гітарыстаў. А вось у конкурсе абласнога ўзроўню ўдзельнічаў другі раз. Першай спробай стаў конкурс “Новыя імёны”, дзе Уладзіслаў быў адзначаны граматай.
— Чаму ты абраў гітару, а не іншы інструмент? — цікаўлюся ва Уладзіслава.
— На мой погляд, гэта модны і стыльны музычны інструмент. Мужчынскі, — адказвае хлопец.
Акрамя музыкі, Уладзіслаў захапляецца яшчэ і мадэляваннем, наведвае адпаведны гурток, які працуе пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У калекцыі хлопца — зробленыя мадэлі танкаў “Т-34”, “Тыгр”, “Іс-2”, самалёт “Іл-2”.

Уладзіслаў — вялікі аматар і камп’ютарных гульняў. Нават вядзе свой відэаблог, у якім дзеліцца вопытам, як прайсці той ці іншы ўзровень адпаведнай гульні. Падпісчыкаў у відэаблога пакуль не так ужо шмат, кажа хлопец, аднак ёсць шмат сяброў у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.
У рэальнасці ва Уладзіслава таксама шмат сяброў. Спрыяе таму лёгкі і адкрыты характар, абаяльнасць, а таксама ўменне іграць на гітары: ва ўсе часы музычны талент прыцягваў да сябе ўвагу.
У планах Уладзіслава — навучыцца добра маляваць, а таксама паспрабаваць сябе ў новых творчых конкурсах — “Новыя імёны” і “ЛьВенок”.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК