Нашы – у “Нацыянальным тэхнапарку”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

31 студзеня на базе Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці стартуе першая змена “Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка” – адукацыйнага праекта, накіраванага на развіццё школьнікаў, якія дэманструюць поспехі ў тэхнічных і прыродазнаўчых навуках.

Сярод адоранай моладзі з усяе Беларусі ў навучальную ўстанову залічаны чацвёра прадстаўнікоў Гродзеншчыны. У іх ліку – дзятлаўчанін, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Павел Смірноў.

Нагодай для залічэння ў “Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк” для Паўла стала перамога ў Х Рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак “ПАТРИОТ.BY”. На конкурс разам з педагогамі Вольгай Старыкавай і Алінай Макарэвіч Павел прадставіў патрыятычны праект да 75-годдзя Вялікай Перамогі, прысвечаны хлебу вайны. Настаўніцы рускай і беларускай мовы і літаратуры прыдумалі ідэю, а юны праграміст даў ёй электроннае ўвасабленне. Атрымаўся адукацыйны сайт-квест “Хлеб вайны”для навучэнцаў 6-7 класаў, які звяртае ўвагу на нечаканы бок Вялікай Айчыннай вайны – клопат аб хлебе, якога так не хапала ў ваенныя часы. Праект цікавы, шматгранны, шматпрыступкавы і глыбокі. Ён вучыць шукаць адказы на пытанні, працаваць у камандзе, паважаць гісторыю сваёй Радзімы і, нарэшце, цаніць хлеб у паўсядзённым жыцці. Дзякуючы даступнай, займальнай структуры сайта, школьнікі з інтарэсам будуць выконваць заданні і назіраць свае поспехі на інтэрактыўнай дошцы праекта. Для Паўла Смірнова ён стаў стартам на шляху да прафесіі яго мары.

– Першае, што трэба было зрабіць для ўдзелу ў “Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку”, – падаць заяўку, падмацаваўшы яе навуковым праектам па тым прадмеце, у якой секцыі маеш жаданне навучацца, – тлумачыць Павел, як патрапіў у праект. – У якасці праекта залічылі пераможную конкурсную работу.

Другім этапам адбору стала тэсціраванне па ўсіх школьных прадметах, якое кандыдаты праходзілі ў Гродне. На 40 пытанняў адводзілася 40 хвілін. У Гродна Паўла суправаджала Вольга Старыкава. Як прызнаецца настаўніца, яна вельмі хвалявалася за свайго вучня і калегу па даследчай дзейнасці.

– На маю думку, умовы адбору былі вельмі складаныя, – кажа Вольга Міхайлаўна. – Але ж і выбіралі лепшых з лепшых.

Сам Павел кажа, што заданні не былі празмерна складанымі. Ён паказаў высокі вынік і ўжо ў нядзелю ў ліку чацвёркі мацнейшых ад Гродзенскай вобласці накіруецца ў Мінск па новыя веды.

– Павел, чаго чакаеш ад удзелу ў праекце? – пытаюся ў яго.

– Хацелася б атрымаць азы праграмавання, задаць пытанні педагогам ВНУ, нарэшце, адпачыць ад школьных хатніх заданняў. Сціплы, спакойны, добразычлівы дзесяцікласнік Павел Смірноў – асоба цікавая і шматбаковая. Ён добра вучыцца, захапляецца праграмаваннем і фатаграфіяй, іграе на гітары і з ахвотай займаецца спортам.

– У Пашы жыццё кіпіць! – расказвае пра навучэнца Вольга Старыкава. – Мы разам ездзілі на сур’ёзнае конкурснае тэсціраванне ў Гродна, а праз пару дзён – ён зноў там, але ўжо на абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы.

Нягледзячы на моцную занятасць, Павел ніколі не адмаўляе ў дапамозе ні аднакласнікам, ні настаўнікам. Ва ўсіх памкненнях юнака падтрымлівае яго вялікая дружная сям’я – мама, тата, два браты і сястрычка.

Да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову яшчэ досыць часу, але Паша ўжо ведае, якую прафесію хоча атрымаць:

– Па заканчэнні школы збіраюся паступаць на праграмаванне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, у якім пройдзе першы семестр “Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка”.

Спадзяёмся, што ў Паўла ўсё атрымаецца, і ўсе планы рэалізуюцца.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: