Дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяну Нікіпорчык выбралі ў ліку дзесяці дэлегатаў, якія будуць прадстаўляць Дзятлаўшчыну на VI Усебеларускім народным сходзе, што 11-12 лютага пройдзе ў Мінску.
Карэспандэнты газеты даведаліся ў Таццяны Сямёнаўны, чаго яна чакае ад гэтага маштабнага ўсебеларускага форуму.
– Чвэрць стагоддзя мы жывём у свабоднай, незалежнай, суверэннай Рэспубліцы Беларусь. Дзякуючы памяркоўнасці і самаадданай працы беларускага народа, пасля распаду Савецкага Саюза ў нашай краіне закладзены надзейны падмурак для паступовага развіцця і сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве. Але самыя галоўныя набыткі беларусаў – гэта мір, стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, якія мы лёгка можам страціць, калі легкадумна аднясёмся да нашай будучыні. Так, мір – гэта найвялікшая каштоўнасць, таму мы не павінны дазволіць умешвацца ў нашы справы асобам, якія зусім не зацікаўлены ў развіцці і працвітанні нашай роднай Беларусі.
За 2016-2020 гады ў нашай краіне рэалізавана больш за 20 дзяржаўных праграм, больш за палова бюджэтных сродкаў была накіравана на развіццё сацыяльнай сферы. Гэта культура, ахова здароўя, медыцына, сацыяльная абарона і сацыяльная падтрымка насельніцтва. За мінулую пяцігодку ў Дзятлаўскім раёне выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы па сацыяльнай абароне, асвоены ўсе закладзеныя асігнаванні. Гэта былі мерапрыемствы па паляпшэнні матэрыяльна-бытавога стану ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў, гэта сацыяльная падтрымка сам’яў, дзяржаўная адрасная дапамога, матэрыяльная дапамога і іншыя віды сацыяльнай падтрымкі сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян.
Завяршыўшы пяцігодку, падводзячы яе вынікі, калі штосьці не атрымалася, не трэба шукаць вінаватых, што нехта нешта зрабіў не так. Перш за ўсё, трэба спытаць у сябе: а што зрабіў я для сваёй краіны і свайго народа, для развіцця арганізацыі, дзе працую. Мы не павінны быць спажыўцамі, трэба дакладна ўсведамляць, што для таго, каб сабраць ураджай, яго спачатку трэба пасеяць. Як сказаў Кіраўнік дзяржавы: “Гэта прамая зележнасць: калі хочаш лепш жыць – трэба лепш працаваць”.
Удзельнікі Усебеларускага народнага сходу прадстаўляюць насельніцтва ўсёй нашай рэспублікі і асобных яе рэгіёнаў. Мне аказаны высокі давер і ўскладзена вялікая адказнасць прысутнічаць на мерапрыемстве такога маштабу, дзе будуць прымацца пэўныя задачы па развіцці нашай дзяржавы і нашага грамадства, ставіцца мэты і выбірацца накірункі для іх дасягнення. Я ўпэўнена, што шляхам дыялога вырашацца многія пастаўленыя пытанні.
Чаго я чакаю ад VI Усебеларускага народнага сходу і наступнай пяцігодкі? Галоўнае – захаваць тое, чаго мы дасягнулі раней і, безумоўна, памножыць набыткі, але ўсё будзе залежаць толькі ад нас. Я лічу, што якасць жыцця насельніцтва павінна з кожным годам паляпшацца і дасягаць узроўню самых развітых краінаў свету. Я ўпэўнена, што беларускія спартсмены стануць прыкладам для нашай моладзі, і здаровы лад жыцця стане індыкатарам і асновай для павелічэння працягласці жыцця беларусаў. Веру, што Беларусь знойдзе надзейных партнёраў сярод іншых дзяржаў і разам мы будзем развівацца і супрацоўнічаць на роўных. Што наша краіна будзе такой жа чыстай, цудоўнай, зручнай для жыцця нашага народа і гасцей. Я ўпэўнена, што разам мы справімся з любымі цяжкасцямі на шляху нашай дзяржавы і нашага грамадства.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ