Напярэдадні навагодніх і калядных святаў кожнае дзіця марыць, каб у госці завітала добрая казка.

Таму Беларускі дзіцячы фонд даў старт акцыі “Нашы сэрцы – дзецям”, якая праходзіць у рамках дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці”.

Ажыццявіцца дзіцячым марам дапамагаюць старшыня Дзятлаўскага раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд”, яна ж галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская і дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Марына Гуговіч.

Алена Анатольеўна расказала, што сёлета падарункавыя сертыфікаты магазіна “Кромань” на 20 рублёў кожны і індывідуальныя святочныя паштоўкі ад раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду атрымаюць 10 дзяцей-інвалідаў нашага раёна, якія навучаюцца дома. Гэта сямікласніца Алеся з Казлоўшчыны, чацвёртакласнік Багдан з Круцілавічаў, чацвёртакласнік Валянцін з Казлоўшчыны, дзевяцікласнік Вадзім з Норцавічаў, трэцякласнік Радзівон з Наваельні, дзевяцікласнік Яўген з Вензаўца, а таксама шасцікласнік Артур, першакласніца Уладзіслава, адзінаццацікласніца Вікторыя і дванаццацігадовая Карына з Дзятлава.

З пажаданнямі здароўя, міру, бадзёрасці духу, шчасця і дабрабыту дамоў да трох юных дзятлаўчан Уладзіславы, Карыны і Артура 22 снежня завіталі госці. Матулям гэтых дзяцей Алена Анатольеўна ўручыла сертыфікаты і паштоўкі, а Марына Эдвардаўна – цукеркі, набытыя за кошт сродкаў раённага бюджэту, і салодкія падарункі з цацкамі ад Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”.

Астатнія хлопчыкі і дзяўчынкі таксама ў бліжэйшы час атрымаюць свае падарункі па месцы жыхарства.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации