У аддзел ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла пытанне: ці ёсць магчымасць падаць заяву аб заключэнні шлюбу толькі адной нявесце, калі жаніх знаходзіцца ў камандзіроўцы і не можа ў дзень падачы заявы з’явіцца ў аддзел ЗАГС?
Тлумачэнні дае галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Святлана Вінакурава:
– Рэгістрацыя заключэння шлюбу праводзіцца органам ЗАГС на падставе пададзенай асобамі, якія ўступаюць у шлюб, сумеснай пісьмовай заявы аб рэгістрацыі заключэння шлюбу. Калі прысутнасць у органе ЗАГС пры падачы заявы аб заключэнні шлюбу абедзвюх асобаў, якія ўступаюць у шлюб, немагчыма або выклікае цяжкасці (далёка жывуць адзін ад аднаго, цяжкая хвароба, праходжанне ваеннай або альтэрнатыўнай службы і іншыя), заява аб заключэнні шлюбу, запоўненая па ўстаноўленай форме і падпісаная абедзвюма асобамі, якія ўступаюць у шлюб, можа быць пададзена адной з іх.
У гэтым выпадку подпіс асобы, прысутнасць якой пры падачы заявы аб заключэнні шлюбу немагчыма, павінна быць папярэдне засведчана кіраўніком органа ЗАГС і замацавана пячаткай органа ЗАГС з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, подпіс асобы, якая адсутнічае, можа быць засведчана ў наступным парадку:
ваеннаслужачых – камандзірам адпаведнай воінскай часці;
асобаў, якія знаходзяцца на лячэнні ў бальніцах, шпіталях, іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, – галоўнымі дактарамі, іх намеснікамі па медыцынскай часці або дзяжурнымі дактарамі гэтых арганізацый аховы здароўя;
асобаў, якія ўтрымліваюцца ва ўстановах, што выконваюць пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання свабоды, пазбаўлення свабоды, пажыццёвага заключэння, або месцах утрымання пад вартай, лячэбна-працоўных прафілакторыях, – начальнікамі адпаведных установаў крымінальна-выканаўчай сістэмы.
Сапраўднасць подпісу можа быць таксама засведчана натарыусам або іншай адказнай асобай, якой у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі прадастаўлена права здзяйсняць натарыяльныя дзеянні.
Пасля таго як подпіс аднаго з тых, хто заключае шлюб, будзе завераны на заяве, гэтая заява перадаецца (перасылаецца) другой асобе, якая заключае шлюб, для падачы гэтай заявы ў орган ЗАГС па месцы рэгістрацыі заключэння шлюбу.
Аддзел ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама ажыццяўляе папярэдні запіс на прыём па тэлефоне 8(01563)2-14-79.
Падрыхтавала да друку Святлана ГРЫШЫНА