Настрой – цудоўны! У Дзятлаве праходзіць фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Атмасфера цяпла, дабрыні, добразычлівасці пануе сёння ў Дзятлаве.

Тут праходзіць раённае свята – фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. Ужо чацвёрты год запар фестываль, які палюбіўся дарослым і дзецям, збірае разам на творчых і спартыўных пляцоўках сем’і, якія з задавальненнем дэманструюць свае ўменні, крэатыў, майстэрства ўзаемаразумення і ўпэўнена ідуць да сумесных рэкордаў і перамог, каб у чарговы раз пацвердзіць, што галоўны прынцып іх сямейных адносінаў: адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.

За час існавання адметны раённы праект палюбіўся дзятлаўчанам і гасцям горада яшчэ і за тое, што на “Зецельскім фэсце” кожны можа знайсці для сябе адпачынак па душы. Удзельнікаў чакаюць гульні і забавы, бяспройгрышныя латарэі і сувеніры ручной работы ад рамеснікаў і майстроў нашага раёна. А малеча сёння атрымае вялікую радасць ад надзіманых горак, атракцыёнаў, каруселяў і салодкіх прысмакаў на любы густ.

Урачыстае адкрыцё свята адбылося на плошчы 17 Верасня. З вітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю звярнуўся намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч.


– “Зецельскі фэст” стаў добрай традыцыяй на Дзятлаўшчыне. Гэты фестываль прысвечаны самаму дарагому і каштоўнаму ў жыцці кожнага чалавека – сям’і. Дзякуючы сям’і расце і развіваецца наша дзяржава, мацнее яе дабрабыт, бо ў сям’і зараджаецца жыццё чалавека, ідзе фарміраванне грамадзяніна нашай краіны.

Са словамі асаблівай удзячнасці і павагі я звяртаюся да шматдзетных сем’яў, сем’яў, якія гадуюць прыёмных дзяцей. Яны аддаюць частачку свайго сэрца, каб гэтыя дзеткі адчувалі сябе аднолькавымі з іншымі сваімі равеснікамі. Усім сем’ям, якія сёння ўдзельнічаюць у конкурсах, жадаю крэатыву, творчасці, каб яны прадэманстравалі свае напрацоўкі, традыцыі, падзяліліся вопытам сямейнага выхавання. Жадаю ўсім моцнага задроўя, шчасця, дабрабыту, цяпла сямейнага ачага, каб паміж вамі заўжды панавала ўзаемаразуменне.

З вуснаў вядучых свята Наталлі Маліноўскай і Чэслава Свіба прагучала шмат цёплых і мудрых слоў аб сям’і і сямейных каштоўнасцях. Таксама яны паспрабавалі адшукаць формулу сямейнага шчасця, а дапамагалі ім у гэтым самыя вопытныя сямейныя пары, якія сёлета адсвяткавалі юбілеі сумеснага жыцця.

25 гадоў разам пражылі і спраўляюць “сярэбранае вяселле” сем’і Надзеі і Юрыя Марцінчыкаў, Валянціны і Юрыя Аблажэяў, Святланы і Анатоля Жылінскіх, Таццяны і Дзямітрыя Лупачаў, Таццяны і Сяргея Свяцецкіх. Усе гэтыя пары былі запрошаны на чырвоную дарожку, каб пачуць самыя шчырыя віншаванні ад землякоў, родных, сяброў і атрымаць кветкі і падарункі ад арганізацый, дзе працуюць.

Яшчэ большы адрэзак жыцця – 50 гадоў – крочаць поруч сем’і “залатых” юбіляраў нашага раёна. Гэта Валерый і Наталля Петрыкевічы, Георгій і Ніна Балькоўскія. Паўвека разам навучылі іх берагчы сямейнае шчасце. Сакрэтамі сямейнага ладу з удзельнікамі фестывалю падзяліліся Валерый і Наталля Петрыкевічы, а падарункі залатым юбілярам уручалі дзятлаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў і галіновая прафсаюзная пярвічка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Яшчэ даўжэйшы сямейны шлях – 60 гадоў – прайшлі разам Марыя і Антон Варганы. Нядаўна гэта пара адсвяткавала брыльянтавае вяселле. Каб далейшае жыццё было такім жа светлым, як сённяшняе свята, ім жадалі вядучыя, а падарункі ўручылі прадстаўнікі КСУП “Хвінявічы”, дзе раней працавалі юбіляры.

Самыя цёплыя віншаванні на “Зецельскім фэсце” прагучалі для шматдзетнай сям’і Касцюк, дзе гадуюцца чацвёра сыноў і дачушка. Падарунак ім ўручыў старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, а салодкі падарунак – КСУП “Войневічы”.

Адметна, што “Зецельскі фэст” мае не толькі добрыя традыцыі ўшаноўваць тых, хто разгадаў сакрэты сямейнага ладу, але і сваю ўласну “Кнігу Летапіс”, куды штогод заносяцца прозвішчы сем’яў-пераможцаў. Сёлета яна зноў паоўніцца новымі запісамі.

І можна не сумнявацца, што такія цёплыя святы, як раённы фестываль сямейнага адпачынку будуць з года ў год папаўняць сэрцы нашых землякоў самымі цудоўнымі эмоцыямі, вучыць дзяцей і дарослых цаніць і беражліва захоўваць сямейныя традыцыі і каштоўнасці, мацаваць духоўную сувязь паміж пакаленнямі, а, значыць, вучыць нас з павагай адносіцца да ўсяго светлага і шчырага, што пакінулі ў спадчыну нашы продкі.

Ірына СТЫРНІК,
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

 



Теги: