9 жніўня на Дзятлаўшчыне праходзяць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У асноўны дзень выбараў галасаванне праводзіцца на 23 участках.
Карэспандэнты газеты “Перамога” папрысутнічалі на адкрыцці Чырвонаармейскага ўчастка для галасавання № 10 у Дзятлаве.
Праца ўчастковай камісіі пачалася яшчэ да адкрыцця ўчастка для галасавання. У прысутнасці ўсіх членаў камісіі і наглядальнікаў былі апячатаны урны для бюлетэняў: вялікая стацыянарная і дзве малыя пераносныя для галасавання на даму.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй па каранавірусе ўчастак для галасавання забяспечаны неабходнымі дэзынфікуючымі сродкамі і сродкамі аховы.
Выбаршчыкі з аслабленым зрокам могуць скарыстацца лупамі і трафарэтамі.
За ходам галасавання на ўчастку будуць сачыць назіральнікі ад грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў, савета ветэранаў.
У восем гадзін участак для галасавання быў адчынены.
Першай прагаласаваць прыйшла жыхарка вуліцы Леніна Соф’я Іванаўна Цярэнцьева.
На наша пытанне: што чакаеце ад кандыдата, за якога аддалі голас, жанчына адказала: добрых пенсій, каб дзеці жылі ў спакойнай Беларусі, каб усё ў нас было добра.
Адной з першых таксама прыйшла прагаласаваць і жыхарка вуліцы Чырвонаармейскай Валянціна Пятроўна Лябецкая, якой сёлета – 88 гадоў. Члены камісіі пажадалі выбаршчыцы здароўя, бадзёрасці і абавязкова прыйсці на наступныя выбары.
Чырвонаармейскі выбарчы ўчастак у Дзятлаве – не з маленькіх. На сёння тут налічваецца 1583 выбаршчыкі і 12 чалавек знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў медыцынскіх установах.
За перыяд датэрміновага галасавання – з 4 па 8 жніўня ўключна, як паведаміла старшыня ўчастковай камісіі Людміла Канавалік, прагаласавалі 726 чалавек.
Участак размяшчаецца ў першай дзятлаўскай школе. У памяшканні школьнай сталовай працуе выязны буфет рэстарана “Ліпічанка”. Як расказала прадавец буфета Лілія Дарашкевіч, на працягу дня будуць у продажы кандытарскія вырабы, гатовая прадукцыя, напоі.
На гэтым участку для галасавання ў 11 гадзін адбудзецца канцэртная праграма “І ў песні, і ў сэрцы – мая Беларусь!”, якую прапануюць артысты Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup