Рэвалюцыя 1917 года – сімвал моцнай савецкай краіны, якая перамагла фашызм у Вялікай Айчыннай вайне і стварыла нашу дзяржаўнасць.

Няхай на карце ўжо няма Савецкага Саюза, але слаўныя яго героі і працаўнікі, іх подзвігі і дасягненні, адкрыцці і традыцыі яшчэ жывуць у сэрцах і памяці людзей.

Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Дзятлаве, у скверы каля помніка Уладзіміру Леніну, прайшоў урачысты мітынг з удзелам кіраўніцтва раёна, дэпутатаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, сілавых структур, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, школьнікаў, ветэранаў, дзятлаўчан.

– 7 лістапада ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца дзяржаўнае свята, што сведчыць аб яго значнасці для нашага грамадства, – адкрыў урачыстасць вядучы Чэслаў Свіб. – Рэвалюцыя стала адной з найвялікшых падзей ХХ стагоддзя, паўплывала на ход гісторыі многіх краін. За гады савецкай улады беларускі народ стварыў моцную эканамічную базу, якая з’яўляецца адной з асноваў устойлівага руху наперад. Гэты дзень – сімвал пераўтварэння жыцця, памяць аб энтузіязме першых савецкіх будоўляў, прыкланенне перад мужнасцю тых, хто абараняў Радзіму, верыў у светлую будучыню, ішоў на подзвіг у імя ідэі.

Пераняўшы ўсё лепшае з савецкай эпохі, Беларусь сёння ўпэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця. Стваральная праца, імкненне да сацыяльнай справядлівасці, павага да гісторыі і традыцый – галоўныя фактары кансалідацыі беларускага грамадства. Дзень Вялікага Кастрычніка ўказаў шлях да сацыялізму і нацыянальнай роўнасці, з ім звязаны лёс нашага народа і станаўленне дзяржаўнасці.

Са 107-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі дзятлаўчан павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Кастрычнік 1917 года ажыццявіў мары мільёнаў працаўнікоў свету аб пабудове справядлівага грамадства на прынцыпах народаўладдзя, узаемнай сацыяльнай адказнасці і гуманізму. У гэты дзень мы аддаём даніну памяці пакаленням, якія сваёй працай стварылі нашу дзяржаву і дзякуем усім, хто сёння ўносіць свой важкі ўклад ва ўмацаванне эканамічнага і культурнага патэнцыялу дзяржавы. Мы, маладая незалежная дзяржава, крочым наперад, вызначыўшы асноўны ўнутраны вектар свайго развіцця – сацыяльна арыентаваная эканоміка. Мы беражом памяць аб трагічных падзеях мінулага, цэнім і захоўваем нашу гісторыю, з павагай адносімся да святаў савецкага часу, увекавечваем перамогі і імёны герояў тысячагадовай гісторыі беларускага народа, прыклады мужнасці і мудрасці якога дапамагаюць пераадольваць выклікі, будаваць надзейны фундамент будучыні. Мы разумеем, што без захавання гістарычнай спадчыны немагчыма рухацца наперад.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў віншую вас са святам, жадаю моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму, поспехаў у працы, няхай у вашых дамах і сем’ях пануюць дабрабыт, узаемаразуменне і каханне.

Як даніну павагі да слаўных традыцый мінулых пакаленняў, якія ўпісалі свае імёны ў нашу агульную гісторыю, удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да помніка Уладзіміру Леніну.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ

Похожие публикации