У ходзе рабочага візіту сенатар Андрэй Жамойда разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім наведаў адзін з флагманаў прамысловасці Дзятлаўшчыны – Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.
Удзельная вага прадпрыемства ў аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна складае 28,9 %. Калектыў філіяла – 195 чалавек, пры гэтым выручка за 9 месяцаў гэтага года склала больш за 70 мільёнаў рублёў. Тэмп росту чыстага прыбытку ў параўнанні да аналагічнага перыяду мінулага года – 299,3 %. Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” – экспартаарыентаванае прадпрыемства, больш за 98 % прадукцыі якога пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю, а вось сыравіну для вытворчасці прадукцыі выкарыстоўваюць сваю, дзятлаўскую.
Дырэктар прадпрыемства Андрэй Жыдко павітаў гасцей і правёў для іх аглядную экскурсію па тэрыторыі завода, падзяліўся сакрэтамі поспеху:
– Высокая рэнтабельнасць прадукцыі, мясцовая сыравіна, якая пастаўляецца на вытворчасць пад нашым пільным кантролем, кваліфікаваныя кадры і магутная падтрымка ад цэнтральнага кіраўніцтва ААТ “Молочный Мир” дапамагаюць нам не проста працаваць, а быць паспяховымі ў сваёй галіне, папаўняць раённы бюджэт важкімі падаткамі.
Андрэй Жамойда пацікавіўся асаблівасцямі тэхналагічнага працэсу вытворчасці сыроў, рынкамі збыту, узаемаадносінамі ў калектыве прадпрыемства.
– Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў: каб была стабільнасць у грамадстве, людзей трэба накарміць. Выдатна, што, дзякуючы развіццю аграпрамысловага сектара, сёння ў беларускіх прадпрыемстваў хапае сыравіны і магчымасцяў не толькі забяспечыць нашых грамадзян шырокай лінейкай айчынных харчовых тавараў, але і пастаўляць істотныя аб’ёмы прадукцыі на экспарт, – адзначыў парламентарый.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае