Актыўна, дорачы толькі цудоўны настрой і надзеі на лепшае, крочыць па Дзятлаўшчыне навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.
Яна прыносіць хлопчыкам і дзяўчынкам прыемныя сюрпрызы і радасныя моманты.
З віншаваннямі, прыемнымі і карыснымі падарункамі маленькіх дзятлаўчан наведалі кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская.
У Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з нецярпеннем чакалі шаноўных гасцей. Ад кіраўніцтва раёна Андрэй Уладзіміравіч падарыў установе пясочніцу і камп’ютар, кожнаму дзіцяці – салодкія пачастункі.
– Мы знаходзімся напярэдадні самых чароўных, любімых усімі навагодніх святаў. У гэты час праводзіцца акцыя па ўсёй краіне, калі кожнае дзіця не павінна застацца без увагі, – адзначыў старшыня райвыканкама. – У вашым Цэнтры дзеткі асаблівыя, і ім найбольш неабходны клопат. Мы заўжды стараемся вам дапамагаць, і напярэдадні святаў выканалі вашы пажаданні, парадуем прыемнымі падарункамі. Віншую ўсіх з надыходзячымі святамі, жадаю міру, здароўя, дабрабыту.
Дырэктар Цэнтра Марына Гуговіч падзякавала гасцям за цёплыя словы, патрэбныя падарункі, а таксама за тое, што на іх падтрымку і дапамогу ўлады яны могуць разлічваць у любы час.
Кожны адыходзячы год прынята падводзіць вынікі, Цэнтру таксама ёсць чым пахваліцца: сёлета занялі другое месца на абласным конкурсе з міжнародным удзелам “ІТ-майстар”, дзе прадставілі распрацаваны імі электронны трэнажор “Гуляючы – вучымся, гуляючы – пазнаём”. На электронным трэнажоры, які ўстанове падарыў ТАА “Ізакам”, разам з дзеткамі паказалі гасцям, чаму навучыліся і чаго дасягнулі. Таксама іх аздараўленчы летнік “Пазітыў” на абласным конкурсе атрымаў дыплом ІІ ступені.
Трое дзетак, якія цяпер знаходзяцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, таксама былі вельмі рады гасцям. Яны расказвалі навагоднія вершы, загадвалі жаданні, выцягвалі прадказанні на новы год. Андрэй Уладзіміравіч і Марына Яўгеньеўна пажадалі выхаванцам здароўя, шчасця, каб збыліся самыя запаветныя жаданні. Госці падарылі Цэнтру ложкі і гульнявы комплекс, дзяцей пачаставалі мандарынамі і цукеркамі, кожны атрымаў і асабісты падарунак, якія загадаў Дзядулю Марозу.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga