У межах епархіяльнага этапу Міжнародных Калядных чытанняў “80-годдзе Вялікай Перамогі: памяць і духоўны вопыт пакаленняў” у Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбылася духоўна-асветніцкая праграма.
Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, Навагрудскай епархіі, работнікі арганізацый і навучэнцы школ Дзятлаўшчыны, удзельнікі чытанняў з Дзятлаўскага, Слонімскага і Навагрудскага раёнаў.
У храме святых новамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве адбылася супольная малітва за продкаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, якую правёў высокапраасвяшчэйнейшы епіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый пры ўдзеле святароў Навагрудскай епархіі.
Дзятлаўчане сардэчна сустрэлі шаноўнага госця нашай зямлі – Высокапраасвяшчэннейшага архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. На памяць яны падарылі яму сувенір, які стварыла творчая моладзь нашага раёна.
Уладыка Гурый звярнуўся да прысутных з прывітальным словам:
– Вітаю вас у гэты знамянальны дзень, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і наступнаму юбілейнаму году Вялікай Перамогі. Страшная вайна, якая напаткала нашых продкаў, забрала мільёны жыццяў. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, пазбаўленні, беды народ аб’яднаўся супраць ворага. Сёння мы памаліліся за нашых землякоў, хто паклаў сваё жыццё дзеля Перамогі, сярод іх 12 святароў. Усе мы помнім імя протаіерэя Іаана Комара, які дастаўляў медыкаменты партызанам, уратаваў жыццё камандзіра атрада, дазволіўшы правесці медыцынскую аперацыю ў храме.
Узгадваючы подзвіг мільёнаў людзей, хачу заклікаць вас, каб і ў цяперашні час мы не спачывалі на лаўрах, святкуючы юбілей Перамогі. Існуюць дзяржавы, якія і сёння падтрымліваюць адраджэнне фашызму, прапаганду абортаў, ЛГБТ-рух і іншыя адмоўныя плыні, якія маюць на мэце знішчэнне насельніцтва Зямлі.
Таму мы павінны быць надзвычай уважлівымі, помніць, што супраць нас вядуцца інфармацыйныя войны, быць адзінымі, нягледзячы на непаразуменні, клапаціцца аб росквіце нашай Айчыны, быць разам з брацкім рускім народам. Заклікаю вас не забываць подзвіг нашых папярэднікаў і быць дастойнымі іх памяці.
Уладыка Гурый уручыў высокія царкоўныя ўзнагароды выдатным дзеячам асветы Дзятлаўшчыны. Медалём прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага І ступені быў адзначаны старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, медалём прападобнага Елісея Лаўрышаўскага – начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай; Архіерэйскімі граматамі – намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Умоўская і галоўны спецыяліст гэтага аддзела Алена Гарановіч, дырэктар раённага Цэнтра дадатковай адукацыі Таццяна Ваніслаўчык, дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская.
За садзейнічанне ў інфармацыйным асвятленні царкоўнага жыцця Навагрудскай епархіі ў раённых сродках масавай інфармацыі Архіерэйскай граматай былі адзначаны журналісты трох раёнаў, у ліку якіх – галоўны рэдактар Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога” Ірына Камарова.
Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі павіншаваў жыхароў і гасцей Дзятлаўшчыны з важкімі юбілеямі, прысвечанымі Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
– Такое знакавае мерапрыемства, як епархіяльны этап Калядных чытанняў, упершыню праводзіцца ў нашым раёне ў знакавы для беларусаў год вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён адметны і тым, што сёлета з рук Прэзідэнта Беларусі мы атрымалі вымпел “За стойкасць і мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”, якім горад Дзятлава быў адзначаны разам з трыма гарадамі Гродзеншчыны. Цана гэтай Вялікай Перамогі вельмі высокая: толькі ў нашым раёне – больш за 20 тысяч чалавечых жыццяў дзеля мірнага неба над Беларуссю і яе светлай будучыні. Гэтае мерапрыемства дазволіла сабраць разам аднадумцаў з ліку праваслаўных святароў, прадстаўнікоў улады і грамадства. Адметна, што тэма памяці аб подзвігу савецкага народа – актуальная як для школьнікаў, так і дарослага насельніцтва, спецыялістаў. У гэтым рэчышчы пастаянна вядзецца карпатлівая, важная і патрэбная даследчая работа. У цяперашні няпросты час сусветнай канфрантацыі і непаразумення царква і грамадства павінны быць разам, наша сіла ў нашым адзінстве. Мы помнім гераічнае мінулае нашых дзядоў і прадзедаў, і асноўная наша задача – перадаць пачуццё патрыятызму сваім дзецям і ўнукам.
Андрэй Уладзіміравіч уручыў Уладыку Гурыю дыплом Дзятлаўскага райвыканкама і адметны знак “За заслугі”.
Падзячнымі пісьмамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны прадстаўнікі Навагрудскай епархіі.
– Царква, як і армія, служаць адной справе – сваёй Айчыне і народу, – адзначыў камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.
Ён павіншаваў усіх прысутных са знакавымі юбілейнымі датамі і ўручыў медаль “80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму.
Асветніцкае мерапрыемства дапоўнілі творчыя выступленні ў выкананні святароў, навучэнцаў школ і артыстаў нашага раёна.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga