Песні, праспяваныя сэрцам

Важнае Культура і адпачынак

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся дзятлаўчане, каб адзначыць асаблівую падзею – 40-гадовы юбілей народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”.

Гэты калектыў прайшоў слаўны шлях, стаўшы неад’емнай часткай культурнага жыцця нашага раёна. У святочны дзень успомнілі гісторыю хору, паслухалі любімыя песні і, вядома ж, юбіляры прымалі шмат віншаванняў ад гасцей і сяброў.

Распачаў эстафету пажаданняў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Нягледзячы на тое, што ў хоры сабраліся людзі розных прафесій, яны не падобныя па характары, тэмпераменце, але іх аб’ядноўвае самае галоўнае – любоў да нашай роднай дзятлаўскай зямлі і песні. Хачу пажадаць вам моцнага здароўя, цярпення, удачы, творчых поспехаў, а таксама падзякаваць вам за вашу працу. Вы ўсе ветэраны працы, свае маладыя гады аддалі Дзятлаўшчыне і сёння дорыце цяпло, энергію нам, гэта вельмі цэніцца.

Ад раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіміравіч падарыў хору сертыфікат на пяць тысяч рублёў і ўручыў падзячныя лісты за актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна і ў сувязі з 40-годдзем.

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА ГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка далучыўся да віншаванняў ветэранаў працы і пажадаў міру, дабрабыту і сустрэць залаты юбілей.

Моцнага здароўя і працвітання яшчэ на многія гады пажадала былы кіраўнік калектыву Тамара Ступак.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель адзначыла, што ва ўдзельнікаў хору на заслужаным адпачынку ёсць час заняцца сваёй любімай справай, творчасцю і пажадала, каб ён выходзіў на больш высокі ўзровень, быў вядомы далёка за межамі раёна.

Яшчэ шмат сяброў і прыхільнікаў творчасці хору “Ветэраны ў страі” дарылі падарункі, жадалі яго ўдзельнікам быць дружнымі, заставацца маладымі душой, прыгожымі, заваёўваць сэрцы гледачоў і жыць як па нотах, каб іх гісторыя прадаўжалася як мага даўжэй, бо яны даказалі, што душа не старэе, калі ў сэрцы жыве песня.

Хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць тых, хто ў розныя гады спяваў у хоры і пакінуў у яго гісторыі яркі след, але іх ужо няма побач.

Прыемным сюрпрызам напрыканцы святочнага мерапрыемства, без чаго не абыходзіцца ні адзін юбілей, стаў салодкі падарунак ад раённага выканаўчага камітэта – вялікі торт са свечкамі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее

#нашалепшае