Эксплуатацыя прамысловых кар’ераў, выратаваныя на пажары, падрыхтоўка горада да зімовых святаў, патрэбы ў арэндным жыллі, новы асартыментны пералік у магазінах – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Ахова і выкарыстанне нетраў
Праблема навядзення парадку ў сферы выкарыстання зямлі абмяркоўваецца ў Беларусі на самым высокім узроўні. Увага надаецца і распрацоўцы кар’ераў. Як правіла, у прамысловых кар’ерах адкрытым спосабам здабываюцца будаўнічыя матэрыялы: пяскі, пясчана-жвіровыя сумесі, гліна, торф, крэйдавыя пароды. Сёння ў Гродзенскай вобласці налічваецца 84 радовішчы. На Дзятлаўшчыне цяпер распрацоўваюцца 2 прамысловыя і 7 унутрыгаспадарчых кар’ераў. На пастаяннай аснове адказнымі службамі праводзяцца кантрольныя мерапрыемствы па выкананні прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства пры іх эксплуатацыі.
Як падкрэсліў кіраўнік раёна, па рабоце з кар’ерамі сёння ў абласных службаў няма пытанняў да дзятлаўскіх землекарыстальнікаў, якасна распрацоўваюцца ў нас прамысловыя кар’еры, між тым раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і землеўпарадкавальнай службе райвыканкама варта актыўна ўзаемадзейнічаць і надалей своечасова патрабаваць ад землекарыстальнікаў выканання экалагічных нормаў, правілаў распрацоўкі, рэкультывацыі парушаных земляў і іншых нарматываў.
Значны плюс з сур’ёзным мінусам
У чым прычына росту колькасці пажараў на Дзятлаўшчыне, разбіраліся на нарадзе. Усяго ў бягучым годзе зарэгістраваны 27 вогненных здарэнняў, летась было 22. Спісаць гэты “плюс з мінусам” на нешанцаванне або толькі на чалавечы фактар – гэта было б зладзейства. Зразумела, што і адказныя службы недапрацавалі. Дарэчы, адзначылі і той факт, што дзятлаўчане прыслухоўваюцца да рэкамендацый ратаўнікоў устанаўліваць у сваіх домаўладаннях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. На мінулым тыдні на пажары ў вёсцы Самойлаўшчына, дзе загарэлася дахавае перакрыцце ад перагрэву трубы, два чалавекі (гаспадыня дома і яе сын) уратаваліся менавіта дзякуючы спрацоўцы АПА.
Прадстаўлены тавары на любы густ
20 лістапада ўступіць у сілу пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь ад 08.07.2024 года № 46, у адпаведнасці з якой значна пашыраны пералікі тавараў, абавязковых да наяўнасці для рэалізацыі ў гандлёвых аб’ектах.
Як расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, на мінулым тыдні работнікамі аддзела эканомікі райвыканкама праведзены маніторынгі гандлёвых аб’ектаў нашага раёна, аўтамагазінаў з мэтай кантролю і ліквідацыі фактаў магчымага будучага парушэння дадзенай пастановы.
– Усе жыхары раёна, нават у самых аддаленых населеных пунктах, павінны мець магчымасць набываць любыя тавары, таму мы і клапоцімся пра шырокі асартымент прадукцыі, нават большы, чым прадугледжаны дакументам, у тым ліку і ў аўтамагазінах, – падкрэсліла Вольга Антонаўна. – Таксама, акрамя правядзення маніторынгу, па выказаных пажаданнях ад грамадзян мы перагледзелі маршрут і графік работы некаторых аўтамагазінаў, робім усё, каб людзям было зручна.
Іншыя тэмы коратка
Раённы суботнік на Дзятлаўшчыне пройдзе 14 лістапада. Арганізацыі, прадпрыемствы і ўсе жыхары раёна запрашаюцца да ўдзелу. Парадак, чысціню, камфорт створым разам.
****
Падведзены вынікі абласнога конкурсу (канферэнцыі) даследчых работ навучэнцаў “Крыштальная Альфа-2024”. Дзятлаўскія ўстановы адукацыі атрымалі 7 прызавых дыпломаў.
****
23 лістапада на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава пройдзе епархіяльны этап Міжнародных калядных чытанняў. У рамках правядзення чытанняў будуць працаваць пяць секцый. Усяго мерапрыемства збярэ больш за 150 удзельнікаў.
*****
На бягучым тыдні работнікі Дзятлаўскага жылкамунгаса пачнуць умацоўваць у райцэнтры навагоднія гарадскія ўпрыгажэнні. За сродкі раённага бюджэту закуплены чатыры новыя светлавыя аркі, “бакалы шампанскага”, святлодыёдная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя “Фантан”, лаўка ў форме месяца з падсветкай, вуліцы Дзятлава ўпрыгожаць больш за дзясятак светлавых кансоляў і іншае. “Загарыцца” ж уся гэта прыгажосць традыцыйна бліжэй да навагодніх святаў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga