У рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва прагучала шмат надзённых пытанняў, сярод якіх тэма, што не губляе актуальнасці, – махлярства ў інтэрнэце.
Сітуацыю пракаменціраваў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі:
– На днях, 15 кастрычніка, пацярпелай стала жыхарка райцэнтра, 1972 года нараджэння. Трапіўшы на вуду махляроў, яна памяняла на беларускія рублі ўсе долары ЗША, якія былі дома. У выніку сямнаццаці аперацый, якія ажыццяўляла праз раённы ўчастак паштовай сувязі, жанчына адправіла ўсе грошы на рахунак махляроў.
Пацвярджэннем, што спецыялісты пошты “ў тэме”, стала тое, што ў час аператыўнага апытання ў раённым аддзеле Следчага камітэта пацярпелая расказала, што супрацоўніца пошты некалькі разоў цікавілася: “Ці не з’яўляецеся вы ахвярай злачынства? Спыніцеся. Падумайце. Звярніцеся ў міліцыю”. На жаль, дзятлаўчанка праігнаравала ўсе парады і пастаянна знаходзілася на сувязі са злачынцамі. У выніку сума грашовага ўрону склала 31 тысячу 200 беларускіх рублёў.
Гэта не адзінкавы такі выпадак: у красавіку гэтага года муж і жонка з сельскай мясцовасці прыйшлі на пошту і адправілі махлярам 11 тысяч 400 рублёў.
Усяго ў раёне з пачатку года зарэгістраваны 18 выпадкаў махлярскіх дзеянняў, скрадзеная сума склала 112 тысяч беларускіх рублёў, раскрыты 5 злачынстваў, па якіх сумы невялікія, і ёсць шанц, што ўрон пацярпелым будзе кампенсаваны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga