Вайна вачыма дзяцей
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны навучэнцы 1-4 класаў гімназіі № 1 горада Дзятлава наведалі тэматычную выставу ў Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі.
Школьнікі паглядзелі дыярамы, якія расказваюць аб цяжкіх гадах вайны, гераічных учынках нашых суайчыннікаў і іх неацэнным укладзе ў перамогу, пачулі аповед экскурсавода пра лёсы абаронцаў Радзімы, бітвы, якія сталі знакавымі ў гісторыі, пра мірнае жыццё, адноўленае пасля страшных ваенных гадоў.
Дыярамы ствараліся ўсімі школамі ў рамках раённага праекта “Вайна вачыма дзяцей”.
Дзіўнае побач
У рамках месячніка рэлігійнага турызму на Дзятлаўшчыне навучэнцы 6 і 7 класаў гімназіі № 1 наведалі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты яркі помнік архітэктуры барока зацікавіў школьнікаў сваёй незвычайнай гісторыяй. Яны даведаліся, што ў касцёле пахаваны сэрцы Мікалая Фаўсціна Радзівіла (аднаго з уладальнікаў мястэчка) і яго сына Ежы Радзівіла. Пацвердзіць гэтую інфармацыю ўдалося нядаўна, з пачаткам рэстаўрацыі храма. Гімназістам расказалі таксама, што раней існаваў падземны ход ад касцёла да капліцы на могілках. З часам элементы падземнага ходу былі страчаны пры будаўніцтве шматпавярховак і рэканструкцыі парку. Асабліва зацікавіў навучэнцаў той факт, што адзін з эпізодаў у кінастужцы “Паланэз Агінскага” студыі “Беларусьфільм” быў зняты ў касцёле.
Для самых родных і пяшчотных сваімі рукамі
Навучэнцы 1 класа Круцілавіцкай сярэдняй школы прынялі актыўны ўдзел у творчай майстэрні “Маёй матулі” – сваімі рукамі зрабілі віншавальныя паштоўкі для любых матуляў. А яшчэ стварылі насценгазету для бацькоў “Нашым родным і любімым”, дзе выказалі ім самыя шчырыя, цёплыя віншаванні.
Святочная сустрэча
У рамках правядзення тыдня бацькоўскай любові ў дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава адбылася традыцыйная сустрэча з настаяцелем сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай Іаанам Кісялём.
Выхавальнікі і музычны кіраўнік разам з дзецьмі падрыхтавалі святочнае мерапрыемства, прысвечанае Пакрову Прасвятой Багародзіцы і Дню маці. Тут гучалі вершы і песні, ладзіліся танцы і гульні.
Айцец Іаан павіншаваў усіх са святам і падарыў дзецям “Малітваслоў” і салодкія падарункі.
У сярэдняй групе № 6 была аформлена выстава “Дары восені”. Дзеці разам з бацькамі зрабілі вырабы з прыродных матэрыялаў. З яблыкаў і рабіны атрымаўся модны вусень; з семак, шышак – цэлая сям’я вожыкаў; вясёлы Чабурашка – з каштанаў; нарад з восеньскага лісця ўпрыгожыў каралеву Восень.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga