На Гродзеншчыне выяўлены выпадкі, калі махляры выдавалі сябе за энергетыкаў, спрабуючы падманам атрымаць асабістыя даныя грамадзян.
Пад выглядам замены лічыльніка яны прасілі прадыктаваць па тэлефоне серыю і нумар пашпарта.
Начальнік Дзятлаўскага РЭС Міхаіл Ступчык адзначыў, што ў нашым раёне на сёння такіх сітуацый не зафіксавана, і расказаў, як засцерагчы сябе ад махляроў:
– Паважаныя дзятлаўчане, помніце, што работнікі энергасістэмы па пытанні замены і праверкі электрычных лічыльнікаў у час тэлефоннага званка могуць удакладніць выключна час і дату візіту, зручную для абанента. Ніякіх асабістых даных пры гэтым не ўдакладняецца.
Таксама работнікі абаненцкай службы энергасістэмы не праводзяць ніякіх дадатковых работ, не прапаноўваюць заключыць з імі дагавор на аказанне паслуг на месцы, выканаць дадатковыя платныя паслугі абаненту.
Усе супрацоўнікі РУП “Гроднаэнерга” пры наведванні домаўладанняў спажыўцоў электраэнергіі маюць пры сабе пасведчанне, дзе ўказаны нумар, прозвішча, імя і імя па бацьку работніка, структурнае падраздзяленне, у якім ён працуе (Дзятлаўскі РЭС), пасада і фотаздымак. Пасведчанне абавязкова замацавана пячаццю і падпісана кіраўніком арганізацыі.
Такая ж інфармацыя (акрамя нумара) знаходзіцца на бэйджы работніка. Бэйдж размяшчаецца на вопратцы, каб яго было лёгка прачытаць. Персанал рамонтных брыгад апрануты ў спецадзенне з лагатыпам РУП “Гроднаэнерга”.
Калі сумняваецеся, пазваніце ў Дзятлаўскі раён электрычных сетак па тэлефонах: 6-79-33, 6-79-70 і ўдакладніце, ці з’яўляецца такі работнік прадстаўніком арганізацыі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga