Вольга Башко: “Эйфарыя ад таго, як шмат зроблена”

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У Гродне прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю Гродзенскай вобласці.

З кожнага яе раёна на ўрачыстасць былі запрошаны людзі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё малой радзімы, сярод іх – Вольга Башко, якая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў паспяхова ўзначальвала ДРБУ-119, а сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Вольга Мікалаеўна падзялілася сваімі ўражаннямі ад сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам і кіраўніцтвам вобласці:

– Для чалавека 80 гадоў – гэта вялікі тэрмін, практычна ўсё жыццё. У сваю чаргу Гродзеншчына, якая сустрэла свой прыгожы юбілей – яшчэ вельмі маладая. Калі слухала даклад кіраўніка вобласці, адчувала эйфарыю ад таго, як шмат зроблена за гэты час. У пасляваенныя гады ні адзін рэгіён Беларусі не развіваўся так хутка, як Гродзеншчына. Людзі ў нас шчырыя, вельмі працавітыя, яны на сваіх плячах крок за крокам паднімалі сельскую гаспадарку і прамысловасць на высокі ўзровень, закладваючы аснову асноў – харчовую бяспеку краіны. Ганаруся тым, што менавіта ў нашай вобласці пабудавана Беларуская атамная станцыя. Столькі робіцца для шчаслівага і камфортнага жыцця людзей: будуецца мноства ўстановаў аховы здароўя, медыцынскіх цэнтраў, сучасных школ, дзіцячых садоў. Нават па сваёй сферы ведаю, якімі грунтоўнымі крокамі мы ідзём наперад: Дзятлаўскі раён стаў адным з першых у вобласці, дзе ўсе аграгарадкі звязалі асфальтаванымі дарогамі з райцэнтрам і не спыняюцца на дасягнутым. Калі ўсё зробленае за 80 гадоў пералічваецца запар, адчуваецца грандыёзнасць рэгіёна, у якім мы жывём, бязмежныя моц, розум, таленавітасць нашых людзей.

Шчыры дзякуй кіраўніцтву вобласці за запрашэнне і гонар далучыцца да такой значнай падзеі. Гэту сустрэчу я дакладна запомню на ўсё жыццё! Было вельмі ўрачыста і прыгожа: я мела магчымасць асабіста пазнаёміцца і паразмаўляць з кіраўніцтвам аблвыканкама, вядомымі на ўсю Беларусь выхадцамі з Гродзеншчыны ў сферах культуры, спорту, рэлігіі. Вельмі цікавы суразмоўца алімпійскі чэмпіён Іван Ціхан, які расказаў, што ў яго планах у бліжэйшы час наведаць Дзятлаўшчыну з цікавай спартыўнай ініцыятывай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: