Прафесійнае свята невялікі калектыў Дзятлаўскага філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблпаліва” сустракае з новымі дасягненнямі і пазітыўным настроем.
Аб надзённых клопатах, планах і людзях расказаў дырэктар падраздзялення Васілій Шпакоўскі.
– Што сёння ўяўляе сабой ваша арганізацыя?
– Мы забяспечваем паліўнымі рэсурсамі насельніцтва ўсяго Дзятлаўскага раёна, у тым ліку трох пасёлкаў і райцэнтра. Дзякуючы зладжанай рабоце механізатара па падвозцы дроў Сяргея Мілевіча, бензапільшчыка Аляксандра Гурскага, дрываколаў Валерыя Радзюка, Сяргея Іоды, а таксама вадзіцеляў па адвозцы дроў і брыкету Браніслава Ермаловіча і Аляксандра Вашко наш філіял у дні максімальнай нагрузкі здольны адгружаць і дастаўляць на аб’ект да 25-30 кубаметраў гатовых колатых дроў. Філіял атрымлівае заказы на выраб піламатэрыялаў як з нашага, так і са Слонімскага, Лідскага, Навагрудскага раёнаў і горада Гродна, прафесійна і якасна іх вырабляюць станочнікі Мікалай Блоцкі і Васілій Кавальскі. У асартыменце дошкі, брус, вырабленыя як з матэрыялу арганізацыі, так і з нашага. Адказна, уважліва і сумленна працуюць нашы шаноўныя работніцы адміністрацыі філіяла, да якіх няма нараканняў ні ў нас, ні ў кантралюючых органаў.
– Што важнага адбылося за год у жыцці філіяла?
– За гэты час мы істотна абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу: у нас з’явіўся свой аўтамабіль-сартыментавоз з прычэпам, на якім перавозім дзелавы лес і колатыя дровы, таксама ён працуе па дагаворы ў Дзятлаўскім лясгасе. Напрыканцы мінулага года набылі драбільную машыну: дробім і пастаўляем пілавінне прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзятлаўскага, Навагрудскага, Іўеўскага і Зэльвенскага раёнаў. Працуем па запытах, у сярэднім вырабляем у месяц да 1000 кубаметраў сыравіны.
– Святочны дзень – добрая нагода сказаць словы ўдзячнасці і віншавання. Каму яны адрасаваны сёння?
– Найперш хачу падзякаваць тым людзям і арганізацыям, якія заўжды нас падтрымліваюць. Гэта старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, генеральны дырэктар УП “Гроднааблпаліва” Іван Крахмальчык, начальнік Дэпартамента аховы МУС Аляксандр Шэпелеў, пры падтрымцы якога мы атрымалі такі неабходны для работы ў лесе аўтамабіль “Ніва”, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны, з якімі працуем на агульны вынік.
Удзячны нашаму дружнаму зладжанаму калектыву, людзям з залатымі рукамі і вялікім сэрцам, без якіх не было б гэтых поспехаў. Паважаныя калегі, сябры, шчыра віншую вас са святам і жадаю, каб усе вашы прафесійныя амбіцыі рэалізаваліся, каб работы прыносіла задавальненне і радасць. Упэўнены, што дзякуючы агульным намаганням наша прадпрыемства з яго патэнцыялам зможа дастойна зарэкамендаваць сябе. Жадаю плёну ва ўсіх пачынаннях, чыстага і мірнага неба, здароўя вам і вашым блізкім.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga