Адзіны дзень бяспекі. Увага: эвакуацыя! Месца дзеянняў – райвыканкам

Галоўнае Улада

26 верасня ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці праходзіць Адзіны дзень бяспекі.

У рамках мерапрыемства пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам супрацоўнікаў раённага выканаўчага камітэта і Дзятлаўскага РАНС, адбылося пасяджэнне, на якім узгадалі тэорыю паводзінаў пры пажары і экстраннай эвакуацыі, а пасля правялі практыкум па эвакуацыі.

Расказаў пра значэнне Адзінага дня бяспекі начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык:

– Мэта гэтага мерапрыемства – прафілактыка надзвычайных сітуацый, навучанне паводзінам пры іх узнікненні і аказанні першай дапамогі.

Усе мы памятаем пажар у расійскім гандлёвым цэнтры “Зімовая вішня”, на якім загінулі 60 чалавек, сярод якіх 37 дзяцей, і яшчэ 79 пацярпелі. Пасля гэтай трагедыі з 2018 года было прынята рашэнне штогод праводзіць Адзіныя дні бяспекі з тэарэтычнай і практычнай адпрацоўкай навыкаў паводзінаў у надзвычайных сітуацыях.

Каб не было панікі, якая найчасцей і становіцца прычынай гібелі, неабходна, каб кожны чалавек ведаў бяспечны шлях эвакуацыі і алгарытм дзеянняў, памятаў, як паводзіць сябе ў задымленых памяшканнях.

Ратаўнік нагадаў, што, калі чалавек убачыць пажар на працоўным месцы, найперш павінен паведаміць пра яго па нумарах 101 або 112, абвясціць калегаў, выключыць прыборы, пакінуць памяшканне, затым адказны за супрацьпажарную бяспеку работнік адсочвае, ці ўсе выйшлі з будынка і апавяшчае пра гэта ратаўнікоў, якія прыбылі на выклік.

Таксама Сяргей Казушчык правёў занятак-практыкум па карыстанні вогнетушыцелем.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі нагадаў калектыву алгарытм эвакуацыі.

Напрыканцы пасяджэння яго ўдзельнікам быў паказаны дакументальны ролік МНС аб дзеяннях пры пажары.

Потым спецыялісты разышліся па сваіх рабочых месцах, а ў час Х старшыня Дзятлаўскага структурнага падраздзялення РГА “Беларускае дабравольнае пажарнае таварыства” Міхаіл Буйко націснуў кнопку трывожнай сігналізацыі.

Эвакуацыя прайшла паспяхова, нават з вынасам “пацярпелага” (гэта таксама было планавае заданне), усе супрацоўнікі сабраліся ў двары райвыканкама.

 

Як спецыялісты ацанілі дзеянні людзей і адказных службаў у час эвакуацыі?

Вадзім Бялятка, намеснік старшыні райвыканкама:

– У нашым раёне ўсе арганізацыі задзейнічаны ў мерапрыемстве, праводзяцца практыкумы па эвакуацыі і на веданне тэорыі. У райвыканкаме таксама была вучэбная спрацоўка пажарнай сігналізацыі, эвакуацыя прайшла ў штатным рэжыме, усе работнікі дасведчаны, ведаюць шляхі эвакуацыі, на працягу трох хвілін усе паспяхова эвакуіраваліся з будынка, што сведчыць аб высокім узроўні падрыхтоўкі.

Сяргей Казушчык, начальнік Дзятлаўскага РАНС:

– На базе райвыканкама мы правялі трэніровачную эвакуацыю, у час якой яе ўдзельнікі паўтарылі парадак дзеянняў у час пажару. Акрамя таго, нашы ратаўнікі прадэманстравалі магчымасці сучаснай пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі і абсталявання, у тым ліку па выратаванні пацярпелага.

Варта адзначыць, што мерапрыемствы, якія праходзяць у рамках Адзінага дня бяспекі, не абмяжоўваюцца толькі размовамі. Разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, медыкамі, Таварыствам Чырвонага Крыжа арганізоўваюцца тэматычныя інтэрактывы, навучальныя пляцоўкі для насельніцтва, дзе жадаючыя могуць замацаваць атрыманыя веды.

Міхаіл Буйко, старшыня Дзятлаўскага структурнага падраздзялення РГА “Беларускае дабравольнае пажарнае таварыства”:

– Мы абслугоўваем пажарную сігналізацыю райвыканкама на працягу многіх гадоў. Я рады, што супрацоўнікі добрасумленна адносяцца да сваёй работы. Як бачыце, сігналізацыя спрацавала, эвакуацыя прайшла ў штатным рэжыме, усё добра.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: