Следчы камітэт інфармуе. На Дзятлаўшчыне падманулі жыхароў Мінска

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Як расказаў старшы следчы Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Макуца, сталічная сямейная пара, якая пацярпела ад дзеянняў махляроў, знаходзілася на аздараўленні ў санаторыі “Альфа Радон”.

– Схема гэтага інтэрнэт-злачынства, можна сказаць, ужо класічная, тым не менш невядомаму зламысніку, які скарыстаўся неасцярожнасцю мінчан, удалося яе паспяхова рэалізаваць, – адзначае праваахоўнік. – У першай палове дня 29 жніўня з адпачывальнікамі санаторыя “Альфа Радон” па мабільным тэлефоне праз абмен тэкставымі паведамленнямі і размову ў месенджары Telegram звязалася невядомая асоба, месцазнаходжанне якой не ўстаноўлена. Махляр паведаміў гасцям нашага раёна, што ім неабходна закрыць доступ у банках да крэдытных ліній. Зрабіць гэта, як запэўніў зламыснік, можна толькі шляхам пералічэння грашовых сродкаў. У выніку падманутая мінчанка пералічыла паўтары тысячы беларускіх рублёў на разліковы рахунак у ААТ “ПарытэтБанк”, а яе муж яшчэ 1990 рублёў на разліковы рахунак у ААТ “БНБ-Банк”. Зразумела, што ўсе гэтыя грошы дасталіся злачынцу з інтэрнэт-прасторы, а падманутым адпачывальнікам нанесены маёмасны ўрон.

Нагадваю карыстальнікам картак, што спецыялісты банка або праваахоўных органаў не звязваюцца праз месенджары, а ўсе сумніўныя пытанні наконт выдачы крэдытаў ці спісання грашовых сродкаў найлепш вырашаць пры асабістым візіце ў банк.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga