Экскурсія ў дрэваапрацоўчы цэх
Навучэнцы 8 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава наведалі дрэваапрацоўчы цэх ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Яны даведаліся, што цэх вырабляе піламатэрыялы, штыкетнік, слупы, драўляныя паддоны, нават шпалы для чыгункі. Пабывалі таксама ў лесапільным цэху, які прызначаны для распілоўкі круглага лесу, сартавання піламатэрыялаў і выпуску цяслярных вырабаў. Убачылі, як адбываецца пагрузка гатовай прадукцыі, якая прызначалася для Кітая, Узбекістана і іншых краін.
Прававыя аспекты – школьнікам
У Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А. А. Шаўчук прайшоў урок прававых ведаў з удзелам старшыні суда Дзятлаўскага раёна Вадзіма Дуброўскага, адваката юрыдычнай кансультацыі Эдзіты Перажок, загадчыцы натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна Жанны Сёмуха і галоўнага спецыяліста аддзела ЗАГС Святланы Вінакуравай. Госці пазнаёмілі навучэнцаў з асноўнымі напрамкамі і спецыфікай сваёй дзейнасці, адказалі на пытанні. У ходзе дыялога былі закрануты як агульныя тэмы, так і пытанні, якія тычацца прыватных выпадкаў.
“А да нас прыйшоў Багач!”
Пад такой назвай у Новаяльнянскім дзіцячым садзе прайшла займальная забава. У музычнай зале выхаванцаў сустрэла па-святочнаму апранутая гаспадыня, якая паведаміла дзецям пра народнае свята “Багач”, пазнаёміла з яго звычаямі, спрадвечнымі традыцыямі і расказала, як яго адзначалі ў мінулым. Выхаванцы адгадвалі загадкі пра жывёл, слухалі прымаўкі і прыказкі аб працы, гулялі ў беларускія народныя гульні, танцавалі, вадзілі карагод, ігралі ў аркестры на беларускіх народных інструментах.
Да 80-годдзя Гродзенскай вобласці
Навучэнцы 8 “Б” класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава наведалі Дзятлаўскі краязнаўчы музей і прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Музейны батл: 80 гадоў Гродзенскай вобласці”. Дзеці адгадвалі імёны знакамітых людзей, якія ўнеслі ўклад у развіццё жыццядзейнасці вобласці ў розныя гады яе існавання, успомнілі важныя старонкі гісторыі, сабралі пазл “Герб Гродзенскай вобласці”. Затым паглядзелі відэафільм, у якім прадстаўлена прырода, прамысловасць, культурнае і спартыўнае жыццё, традыцыі Гродзенскай вобласці.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga