З нагоды Дня заснавання Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшло святочнае мерапрыемства.
Адбыўся ўрачысты прыём у рады грамадскага аб’яднання “БРСМ” і развітанне з піянерскім гальштукам гімназістаў, навучэнцаў гарадскіх школ раёна. Усяго ў час сустрэчы рады раённай арганізацыі ГА “БРСМ” папоўнілі сорак юнакоў і дзяўчат.
Павіншаваць іх з гэтай важнай падзеяй прыйшлі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка, ветэраны моладзевага руху Галіна Чура, Людміла Халопік, Надзея Канявега.
Кацярына Хілімончык з дапамогай медыяпрэзентацыі пазнаёміла школьнікаў з гісторыяй развіцця моладзевага руху ў нашай краіне, расказала, што адной з буйнейшых арганізацый, якая на працягу ўжо дваццаці двух гадоў аб’ядноўвае навучэнцаў і працоўную моладзь, з’яўляецца ГА “БРСМ”, пералічыла асноўныя напрамкі работы аб’яднання і яго традыцыі.
Як раней адбываўся прыём маладых людзей у камсамол, узгадала Галіна Чура. Яна адзначыла, што праходзіў ён у фармаце субяседавання, кожны прэтэндэнт асабіста трымаў іспыт перад спецыяльнай камісіяй, і не ўсім шанцавала з першага разу стаць камсамольцам.
Пра сваю камсамольскую маладосць расказалі таксама Людміла Халопік і Надзея Канявега. Ветэраны руху павіншавалі маладое папаўненне з адказным крокам на шляху ў дарослае жыццё, пажадалі юнакам і дзяўчатам быць дастойнай зменай.
Да віншаванняў далучылася піянерскі лідар раёна Ірына Мішчанка:
– Вы развітваецеся з дзяцінствам і піянерскім гальштукам, каб стаць на новы этап жыцця. Жадаю на ім весялосці, радасці, сяброўства. Заставайцеся па-ранейшаму заўжды гатовымі да добрых учынкаў, важных спраў, міласэрнасці, правільных рашэнняў. Прадаўжайце лепшыя традыцыі беларускай моладзі: будзьце сумленнымі, патрыятычнымі, добразычлівымі, працавітымі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga