«Калі  мы адзіныя»

Свежыя навіны Улада

17 верасня, у Дзень народнага адзінства, у сталічным ШКСК «Мінск-Арэна» праходзіць патрыятычны форум «Калі мы адзіны».

Удзел у мерапрыемстве прымаюць дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку дзятлаўчане.

Са святам, якое сімвалізуе імкненне беларусаў мірна і незалежна жыць у сваёй дзяржаве, на сваёй зямлі, прысутных павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

– 85 гадоў таму адбылася лёсавызначальная падзея, і годнае “мы – беларусы” загучала на ўвесь свет з самага цэнтра Еўропы. Гэта быў голас людзей, якія сталі адзіным народам. Цяпер назаўжды, – адзначыў беларускі лідар, падкрэсліваючы значэнне даты.

Аляксандр Рыгоравіч нагадаў, які няпросты шлях прайшлі беларусы да станаўлення дзяржаўнасці і, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, захавалі сваю мову, веру, нацыянальную культуру. Расказаў кіраўнік дзяржавы пра цяперашнія выклікі і пагрозы, пры гэтым падкрэсліў, што “ніякія выпрабаванні не могуць зламаць дух народа, калі ў сэрцы кожнага з нас будзе наша Беларусь”.

Аб’явіў Аляксандр Рыгоравіч і аб старце ўсебеларускай акцыі “Марафон адзінства”, падкрэсліўшы, што “гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую беражліва захоўваем і развіваем, талентаў нашых людзей, якімі славіцца беларуская зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе свет вакол гармоніяй і ўзаемаразуменнем”.

Удзельнікам форуму былі прадстаўлены высокатэхналагічнае шоу і святочны канцэрт з лепшымі нумарамі рэспубліканскага фестывалю “Беларусь – мая песня”, дзе свае выступленні прадэманстравала кожная з абласцей нашай краіны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga