“Хата брыгадзіра” з’явілася ў вёсцы Малдавічы

Важнае Культура і адпачынак

Хто жадае здзейсніць падарожжа ў мінулае стагоддзе, убачыць вясковы быт людзей савецкай эпохі?

Калі ласка – у “Хату брыгадзіра”, якая знаходзіцца ў будынку былога ФАПа ў вёсцы Малдавічы. На ўрачыстае адкрыццё малдавіцкага музея сабралася шмат гасцей, і хоць належаць яны да розных пакаленняў, але аб’ядноўвае іх адно – цікавасць да мінулага.

Пра гісторыю стварэння гэтай выставачнай экспазіцыі прадметаў савецкага часу расказаў загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько:

– У Малдавічах закрылі ФАП, і каб будынак, у якім ён знаходзіўся, зберагчы ў добрым стане як мага далей, старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі прапанавалі адкрыць тут выставу пра савецкае мінулае. Чаму менавіта савецкае мінулае? Бо гэта адзін з самых насычаных на падзеі час, усё старэйшае пакаленне ўзгадвае яго з пазітыўнай настальгіяй.

Шмат хто прыклаў намаганні пры стварэнні экспазіцыі. Хочацца выказаць шчырую падзяку кіраўніцтву раёна за выдзеленыя сродкі для правядзення бягучага рамонту, работнікам культуры – за яго тэхнічную рэалізацыю, аддзелу адукацыі – за збор экспанатаў, а работнікам Казлоўшчынскай сярэдняй школы – за добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол будынка. Ініцыятыву праявіў і мясцовы жыхар Яўгеній Горбач.

Пакуль што гэта толькі выставачная экспазіцыя, але спадзяёмся, што перарасце ў сапраўдны музей, бо перспектывы для росту ёсць.

Асноўная яе задача – паказаць маладому пакаленню савецкую эпоху, каб яны змаглі параўнаць сваё сённяшняе жыццё з тым, як раней жылі людзі. Каб паглядзелі на гэтыя даўнейшыя рэчы і задумаліся аб каштоўнасці жыцця, людскіх адносінах, зрабілі для сябе нейкія высновы.

Што ж можна ўбачыць у “Хаце брыгадзіра”? Дарэчы, брыгадзір у вёсцы лічыўся першым чалавекам пасля старшыні калгаса. Прадметы інтэр’еру і быту дапамагаюць па-сапраўднаму акунуцца ў тую эпоху. Дакументы, іконы, мэбля, адзенне і абутак, вышываныя ручнікі, кухонныя рэчы, фотаздымкі, дываны, цацкі… Усяго і не пералічыш.

Экспазіцыя ўразіла наведвальнікаў, пачалі дзяліцца сваімі ўспамінамі. Як раней матулі або бабулі выпякалі ў рускай печы хлеб ды пірагі і так хацелася адламаць цішком хрумсткую гарачую скарыначку, як грэліся на той самай печы і старыя, і малыя… З якімі цацкамі дзеці гулялі і з якімі партфелямі хадзілі ў школу… А абутак раней рабілі такі, што зносу яму не было…

Аляксандр Бараноўскі падзякаваў усім, хто працаваў над стварэннем экспазіцыі. “Як у дзяцінстве пабываў. Гэта неабходна, каб дзеці ведалі, асабліва моладзь, як жылі раней,” – адзначыў ён.

Таксама падзялілася ўражаннямі ад наведвання выставы Алена Абрамчык, спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра: “Мне ўсё вельмі спадабалася. Тут яшчэ шмат работы, але аснова закладзена. Створана атмасфера савецкага часу, якая вяртае нас, людзей старэйшага пакалення, у тое наша далёкае дзяцінства, калі ў бацькоўскай хаце мы карысталіся ўсімі гэтымі рэчамі, былі шчаслівыя, вучыліся ў школах, і цяпер зайсці ў гэту хату, асабліва для маладога пакалення – гэта проста здзівіцца таму, як людзі хату ацяплялі, што тады было ў іх на стале, што выкарыстоўвалі ў побыце. Гэта вельмі цікава. Спадзяюся, што з часам сюды будзе пракладзены турыстычны маршрут, і мы зможам запрасіць турыстаў”.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: