Дзелавы панядзелак. На нарадзе: работы павінны выконвацца ў належных умовах надвор’я

Важнае Улада

Капітальны рамонт жыллёвага фонду, Адзіны дзень бяспекі, восеньскія кірмашы сельгаспрадукцыі, падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па аб’ектах будаўніцтва і рэканструкцыі на 2025 год – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Асфальтаванне, грэйдзіраванне і капрамонт

На абласной нарадзе, якая папярэднічала раённай, узнімалася пытанне капітальнага рамонту жыллёвага фонду і выкананне работ па рамонце вулічна-дарожнай сеткі населеных пунктаў. Прадоўжылі абмеркаванне тэмы ў рамках свайго раёна. На Дзятлаўшчыне па плане на 2024 год было заяўлена восем шматпавярховых дамоў для правядзення капітальнага рамонту. Па інфармацыі на 20 верасня, завершаны работы па трох аб’ектах, яшчэ па пяці дамах вядуцца будаўнічыя работы, згодна з планам яны будуць завершаны ў чацвёртым квартале бягучага года.

Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, акрамя рэалізацыі планаў бягучага года ўжо распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя па аб’ектах жыллёвага фонду, якія будуць уключаны ў план капітальнага рамонту на 2025 год. Іх будзе пяць.

Што датычыцца рамонту вулічна-дарожнай сеткі населеных пунктаў нашага раёна, у 2024 годзе плануецца адрамантаваць 21,063 тыс. кв. метраў дарог, на 20 верасня выканана 93 % да плана.

Згодна з рэгіянальнай праграмай рамонту вуліц у аграгарадках сёлета работы вядуцца па трох вуліцах у аграгарадку Круцілавічы.

Закранулі на нарадзе і іншыя тэмы, якія датычацца будаўнічай і жыллёва-камунальнай сфер. РУП ЖКГ актыўна вядзецца замена водаправодных і каналізацыйных сетак па раёне, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўстаноўку чарговай станцыі абезжалезвання. Толькі завяршыліся работы па дваровай тэрыторыі па вуліцы Навагрудскай, дом 13 у Дзятлаве, як пачалі распрацоўку ПКД на рамонт дваровай тэрыторыі вуліцы Навагрудскай, дом 15. Таксама запушчана ў работу праектна-каштарысная дакументацыя па будаўніцтве фантана ў райцэнтры, перабудовы спальнага корпуса былой школы-інтэрната ў Дзятлаве ў арэнднае жыллё і іншых аб’ектах.

ІІІ клас пажарнай небяспекі

Сухое надвор’е – традыцыйны “правакатар” узгаранняў у экасістэмах. На нарадзе было адзначана, што па ўсёй вобласці цяпер уведзена абмежаванне на наведванне лясоў у сувязі з ІІІ класам пажарнай небяспекі. Ратаўнікі заклікаюць грамадзян быць максімальна пільнымі пры развядзенні вогнішчаў на прысядзібных участках, не кідаць непатушаныя цыгарэты ў сухое лісце і траву, увогуле выконваць правілы пажарнай бяспекі.

26 верасня пройдзе рэспубліканскі Адзіны дзень бяспекі. Работнікі Дзятлаўскага РАНС у гэты дзень наведаюць арганізацыі, прадпрыемствы, навучальныя ўстановы раёна для правядзення трэніровачных заняткаў па эвакуацыі людзей з будынкаў пры пажары.

Дарэчы, даведачна, Адзіны дзень бяспекі праводзіцца ў рэспубліцы з 2018 года па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі. Штуршком да яго правядзення стала трагедыя ў гандлёвым цэнтры “Зімовая вішня” ў расійскім Кемерава, дзе ў 2018 годзе ў выніку пажару загінулі 60 чалавек, з іх 37 дзяцей, яшчэ 79 атрымалі траўмы.

Сельская гаспадарка і восеньскія кірмашы

Аграрыі раёна занятыя на сяўбе азімых культур. На жаль, тэмп работ, па розных прычынах, пакуль невысокі, адставанне ў параўнанні з мінулым годам складае каля пяці дзён.

– Для ўсяго свой час. Работы як у будаўніцтве, так і ў сельскай гаспадарцы павінны праводзіцца ў належных умовах надвор’я і з выкананнем тэхналогіі. Неабходна нарасціць тэмп, – адзначыў старшыня райвыканкама.

Рыхтуюцца гаспадаркі да продажу сельскагаспадарчых культур на традыцыйных восеньскіх кірмашах. Асабліва Андрэй Садоўскі акцэнтаваў увагу ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама на забеспячэнні насельніцтва неабходнай колькасцю зерня, бульбы і іншых відаў прадукцыі. Заўвагі ад насельніцтва, якія гучалі летась, павінны быць улічаны.

Нагадаем, першы кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі пройдзе ў Дзятлаве на “калгасным рынку” па вуліцы Слонімскай у суботу 28 верасня (з поўным графікам кірмашоў можна азнаёміцца на сайце і ў сацыяльных сетках раённай газеты або ў апошніх двух нумарах друкаванай версіі “Перамогі”).

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: