Цёплая восеньская сустрэча ў Гезгалах

Грамадства Свежыя навіны

На Гродзеншчыне 25 верасня стартавала і 4 кастрычніка завершыцца традыцыйная дэкада “Залаты ўзрост”, прымеркаваная да Дня пажылых людзей.

Яна будзе багатай на падзеі: творчыя сустрэчы, віншаванні юбіляраў, майстар-класы, канцэрты.

На Дзятлаўшчыне адкрыццё дэкады адбылося ў Гезгалаўскім доме сумеснага самастойнага пражывання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Паколькі асноўная мэта мерапрыемства – падтрымка пажылых людзей і прапаганда актыўнай жыццёвай пазіцыі, у тым ліку ў “залатым узросце”, то да жыхароў установы прыйшлі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей і падтрымкі ў крызіснай сітуацыі ЦСАН Дзятлаўскага раёна на чале з загадчыцай Галінай Касцюк, прадстаўнікі раённага савета ветэранаў і яго старшыня Міхаіл Губар, валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, артысты Гезгалаўскага дома культуры, мясцовыя школьнікі.

 

Надвор’е выдалася ясным і сонечным, а таму святочныя віншаванні ад гасцей пажылыя людзі прымалі на свежым паветры.

 

Бадзёрасці духу, здаровага даўгалецця, добрых сяброў і паболей такіх жа прыемных і сонечных дзён у жыцці грамадзянам “залатога ўзросту” пажадалі Галіна Касцюк, Міхаіл Губар, Ядвіга Гушча.

Яркай музычнай паштоўкай прысутных парадавалі работнікі культуры.

 

Не абышлася сустрэча і без падарункаў: госці прынеслі пачастункі, а майстрыхі-рукадзельніцы аддзялення “Нам гады не бяда” – цёплыя вязаныя тапачкі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі Галіны КАСЦЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga