Ці ўсё зроблена да ацяпляльнага сезона?

Галоўнае Улада

27 верасня пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага прайшло пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта з удзелам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васіля Герасімава, першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандра Садаўнічага, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, дырэктара філіяла Дзяржэнергагазнагляду па Гродзенскай вобласці Аляксандра Маліноўскага.

Ацанілі гатоўнасць суб’ектаў гаспадарання Дзятлаўшчыны да работы ў асенне-зімовы перыяд.

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, падрыхтоўчыя работы пачаліся яшчэ ў маі, вяліся згодна з адпаведным пастанаўленнем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рашэннямі Гродзенскага абласнога і Дзятлаўскага раённага выканаўчых камітэтаў, павінны былі завяршыцца да 20 верасня. Для зручнасці на сайце райвыканкама былі размешчаны формы неабходных дакументаў, графікі атрымання пашпартоў гатоўнасці, інфармацыйны ліст раённай энергагазінспекцыі з парадкам дзеянняў і мерапрыемстваў. Неаднаразова супрацоўнікі інспекцыі праводзілі службовыя нарады з кіраўнікамі арганізацый раёна, якія дапусцілі значнае адставанне ад графікаў. Арганізацыямі раёна ў цэлым забяспечана выкананне падрыхтоўчых мерапрыемстваў.

Несвоечасова вырашаліся пытанні па падрыхтоўцы аб’ектаў вытворчага ўчастка Боркі ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод”, Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. З парушэннем графіка атрымалі пашпарты гатоўнасці ААТ “Дварэц-Агра”, “Граніт-Агра”, ЦБП № 407 ААТ “ААБ Беларусбанк”, Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, аддзел адукацыі райвыканкама, цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, Дзятлаўскае РУП ЖКГ, КСУП “Жукоўшчына”. Сярод прычынаў адставання ад графіка былі – адсутнасць асоб, адказных за электрагаспадарку, праведзеных належным чынам электрафізічных вымярэнняў электраўстановак, выпрабаванняў сродкаў абароны, нездавальняючы стан электрацеплаўстановак. Таксама ў час падрыхтоўкі Дзятлаўская раённая энергагазінспекцыя дапускала факты прадастаўлення недакладнай або няпоўнай інфармацыі аб ходзе кампаніі на суб’ектах гаспадарання, што выклікала несвоечасовае прыняцце мер рэагавання райвыканкамам.

Усяго на 18 верасня ў раёне зарэгістравана 120 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў на 456 аб’ектаў і 48 пашпартоў ведамасных цеплакрыніц, арганізацыямі раёна праведзена значная работа, на кантролі застаюцца падрыхтоўка снегаўборачнай тэхнікі і пясчана-саляной сумесі для пасыпкі дарог.

Васіль Герасімаў звярнуў увагу на такія недахопы пры падрыхтоўцы, як змяшчэнне на апошні квартал года работ, якія могуць паўплываць на камфорт людзей – рамонтаў даху, замены сетак водазабеспячэння і водаадвядзення, а неналежнае захоўванне або няпоўныя аб’ёмы драўлянага паліва негатыўна могуць сказацца на рабоце кацельняў. Безумоўна, усе недахопы, выяўленыя пры маніторынгах Камітэта дзяржкантролю ў раёне своечасова ўхіляліся, аднак, па словах старшыні нагляднага ведамства, гэта далёка не вырашае праблему: сітуацыю заўсёды трэба разглядаць сістэмна, а таму самастойна, магчыма, не адзін раз праверыць, ці няма аналагічных недахопаў і на іншых аб’ектах раёна. Павялічылася на Дзятлаўшчыне і колькасць зваротаў грамадзян у адзіную службу камунгаса 115, а гэта, па словах Васіля Герасімава, таксама “сігналізатар”, які пры аналізе можа падказаць камунальнікам, дзе ёсць праблема, каб своечасова яе “зняць”.

На тое, што падрыхтоўка да новага ацяпляльнага сезона пачалася яшчэ ў маі, аднак не ўсе суб’екты гаспадарання спяшаліся афармляць пашпарты гатоўнасці, што ў выніку прывяло да парушэння графікаў, звярнуў увагу прысутных і Аляксандр Маліноўскі. Ён падкрэсліў, што не ўсе адказныя асобы ўлічваюць той факт, што пры здачы аб’екта могуць быць выяўлены тэхнічныя непаладкі, якія запатрабуюць пэўнага тэрміну ўхілення, дакументацыя можа быць няпоўнай ці несвоечасова прадастаўленай. Пры гэтым амаль усе знойдзеныя недахопы маюць сістэмны характар, з’яўляюцца следствам няўлічанага ранейшага вопыту, значыць, падрыхтоўка да халадоў можа і павінна арганізоўвацца на больш высокім узроўні.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што ў раёне выконваецца бюджэт і было выдзелена дастатковае фінансаванне на належную, своечасовую і поўную падрыхтоўку да работы ў асенне-зімовы перыяд. Кіраўнік раёна прапанаваў унесці карэкціроўку ў рашэнне райвыканкама з указаннем заўвагаў дзяржкантролю, у тым ліку па стварэнні камісіі, якая яшчэ раз грунтоўна праверыць гатоўнасць суб’ектаў гаспадарання да халадоў. Тэма застаецца на кантролі райвыканкама і праз некалькі тыдняў зноў будзе разгледжана.

Аляксандр Садаўнічы падкрэсліў, што пытанне падрыхтоўкі да работы ў асенне-зімовы перыяд дастаткова сур’ёзнае, праблемы найчасцей выцякаюць з-за нізкай выканаўчай дысцыпліны, разглядалася яна і на калегіі Камітэта дзяржкантролю. Калі даваць ацэнку Дзятлаўшчыне, то спрацаваў раён не горш за іншыя ў Гродзенскай вобласці, тым не менш ёсць недахопы, і яны павінны быць ухілены.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga