19 верасня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.
Перад калектывамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна выступіла інфармацыйная група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага. Працавалі таксама групы намеснікаў старшыні райвыканкама Віталія Шулейкі, Вадзіма Бяляткі, Дзмітрыя Баравіка, Вольгі Жэлезоўскай.
Да 85-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР абмеркавалі тэму “Мы разам назаўжды”. Значнасць для беларускага народа гэтай лёсавызначальнай падзеі, якая адбылася 17 верасня 1939 года, надзвычай вялікая: з таго часу мы адзіныя тэрытарыяльна і духоўна, і ніхто не можа казаць, што замест нас мае права вырашаць лёс Беларусі. Нямала перажыла наша шматпакутная Айчына за час свайго дзяржаўнага станаўлення. Вось толькі некаторыя старонкі гісторыі. У 1921 годзе ў выніку Рыжскага мірнага дагавора беларускі народ перажыў трагедыю нацыянальнага падзелу. Рашэнне прымалася без прадстаўнікоў нашай краіны: перагаворы з польскім бокам праводзіла расійска-ўкраінская дэлегацыя. Для савецкага кіраўніцтва гэта была вымушаная мера: пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ва ўмовах грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі не хапала сіл ваяваць на некалькіх франтах. У саставе Польшчы Заходняя Беларусь не мела тэрытарыяльна-адміністрацыйнай аўтаноміі, тут праводзілася палітыка паланізацыі, а БССР валодала суверэнітэтам і асноўнымі прыкметамі дзяржавы. На акупіраваных беларускіх тэрыторыях, якія палякі называлі “крэсы ўсходнія”, яны вялі сябе як каланізатары: тут асядалі польскія ветэраны-легіянеры. Улады “рыхтавалі” “асаднікаў” да таго, што іх новыя фальваркі, нібыта, з усіх бакоў акружаны “варожай” тэрыторыяй. Заходняя Беларусь ператварылася пад Польшчай у адсталы аграрна-сыравінны рэгіён. Паланізацыя і крывавае ўціхамірванне жыхароў “крэсаў усходніх” выклікалі дэманстрацыі, забастоўкі, у 1922 годзе пачалася партызанская барацьба. У 1934 годзе ў Бярозе-Картузскай з’явіўся канцэнтрацыйны лагер, дзе ў нечалавечых умовах падвяргаліся катаванням тысячы “грамадска небяспечных элементаў” – людзей, якія спрабавалі супрацьстаяць паланізацыі.
Шырока вядомыя і палітычныя гульні Варшавы і Берліна 1930-х гадоў: у 1933-м Польшча прызнала нацысцкі рэйх, у 1934 годзе першая ў Еўропе заключыла з Германіяй Дагавор аб ненападзе, у 1938-м па дамоўленасці з Берлінам у Чэхаславакіі акупіравала Цешынскую вобласць. Аднак ужо ў 1939 годзе Германія анулявала дагавор аб ненападзе, а 1 верасня таго ж года Польшча пацярпела хуткае і поўнае паражэнне ў вайне. Пасля яе краху Чырвоная армія ўвяла войскі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Рашэнне аб аб’яднанні гэтых зямель з БССР прыняў Народны Сход Заходняй Беларусі. Тут адразу пачалі будавацца прамысловыя прадпрыемствы, адбывалася беларусізацыя сістэмы народнай адукацыі і дзяржаўных установаў.
Аднак былыя кіраўнікі Польшчы не змірыліся з такім паваротам: на тэрыторыі БССР была створана шырокая канспіратыўная сетка польскага нацыяналістычнага падполля, захавалася нямала доказаў і аб карных акцыях “акаўцаў”, часта разам з немцамі і паліцаямі, супраць беларускага насельніцтва і савецкіх партызан у час вайны. Аб гэтых актах тэрарызму мы павінны ведаць на сучасным этапе, паколькі прадпрымаюцца спробы ўскласці віну за разгром Польшчы ў 1939 годзе на СССР, у той час як у 1945-м адраджэнне польскай дзяржаўнасці забяспечыў менавіта Савецкі Саюз.
Паколькі 20 верасня 80-годдзе заснавання адзначае наша вобласць, то на дні інфармавання прагарталі старонкі гіторыі яе развіцця за гэты перыяд і абмеркавалі тэму “Гродзеншчына – рэгіён са знакам якасці”.
– Гродзеншчына заўжды: і ў савецкі перыяд, і на сучасным этапе па развіцці сельскай гаспадаркі і прамысловасці была на вядучых пазіцыях, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Актыўна развіваецца прамысловасць, атамная энергетыка, нядаўна ў Гродне пабудаваны шклозавод, прадпрыемства па перапрацоўцы бавоўны будуецца ў Смаргоні, развіваецца малы бізнес, вобласць робіць пастаянныя ўпэўненыя крокі наперад. Безумоўна, дынаміку развіццю надаюць менавіта людзі, як прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія заклалі надзейны падмурак, так і сучаснікі. Істотны ўклад у станоўчыя вынікі ўносіць Дзятлаўшчына: з прыбыткам працуюць усе прамысловыя прадпрыемствы раёна, амаль 80 % экспарту паслуг Прынёмання – гэта доля курортнага бізнесу Дзятлаўскага раёна. Нездарма тэмай першага адзінага рэспубліканскага ўрока ў гэтым навучальным годзе была “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы”.
Таксама пагутарылі аб тым, што бяспека дзяцей на дарозе – гэта задача дарослых, а яшчэ – аб прафілактыцы хатняга гвалту, палавой недатыкальнасці, неасцярожным курэнні, падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона, нагадалі, як дзейнічаць, калі заблукалі ў лесе, было агучана, што з 16 верасня па 4 кастрычніка ў Беларусі праводзіцца прафілактычная акцыя “З клопатам аб бяспецы малой радзімы”, скіраваная на бяспеку пажылых людзей, а 26 верасня ў калектывах адбудзецца Адзіны дзень бяспекі.
Напрыканцы ўдзельнікам сустрэч паказалі дакументальную кінастужку “Правал самурая: вытокі”.
Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga