Адзіны дзень бяспекі. Пра важнае – цікава і наглядна

Важнае Грамадства

У межах Адзінага дня бяспекі ў Дзятлаве працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі ўсіх экстранных службаў раёна, наведаць іх мог кожны жадаючы.

На пляцоўцы па вуліцы Савецкай размясціліся службовыя аўтамабілі з камандамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння, аддзялення хуткай дапамогі Дзятлаўскай ЦРБ, Дзятлаўскага аддзела дэпартамента аховы, а таксама прадстаўнікі энергагазінспекцыі і раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.

Галоўнымі наведвальнікамі пляцовак сталі навучэнцы школ горада Дзятлава. Яны змаглі даведацца пра прылады, якімі карыстаюцца ратаўнікі і нават патрымаць іх у руках, згуляць у займальныя і пазнавальныя гульні з супрацоўнікамі РАНС. А колькі было радасці, калі дзецям дазволілі забрацца ў кабіну аўтацыстэрны або патушыць “узгаранне” ў бліжэйшым кветніку!

Школьнікі пазнаёміліся са складанай сучаснай апаратурай газавай службы, навучыліся рэаніміраваць пацярпелага, запамінальным для малечы стала знаёмства са службовым сабакам Дэпартамента аховы. Навучэнцы сярэдняга звяна цікавіліся прафесіямі, прадстаўнікі якіх працавалі на інтэрактыўнай пляцоўцы, і тым, як іх можна атрымаць у Беларусі.

Замацаваць атрыманыя веды дапамаглі інфармацыйныя лістоўкі, якія школьнікі атрымалі на кожнай з пляцовак, а падтрымаць добры настрой – невялікія прыемныя падарункі.

Удзельнікі і наведвальнікі інтэрактыўных пляцовак падзяліліся сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства.

Галіна Дзятчык, жыхарка горада Дзятлава:

– Цікавае мерапрыемства для дзятлаўчан. Тут можна з першых вуснаў даведацца шмат карыснага пра бяспеку і работу розных экстранных службаў раёна. Паглядзела новую тэхніку ў арсенале маёй любімай газавай службы, якой я прысвяціла 36 гадоў жыцця. Часта наведваю сваіх калег, сёння зноў рада бачыць іх на тэматычнай пляцоўцы. Сучасная газавая служба пастаянна развіваецца і абнаўляецца: удасканальваюцца тэхніка і інструменты, каб газ быў для людзей не толькі карысным, а і бяспечным. Аднак па-ранейшаму галоўным застаецца чалавечы фактар, бяспека людзей найперш у іх руках.

Вячаслаў Пятраш, інспектар Дзятлаўскай РЭГІ:

– Актыўна прымаем удзел у мерапрыемствах Адзінага дня бяспекі, выступаем у працоўных і вучнёўскіх калектывах: расказваем дарослым і школьнікам аб мерах электрычнай бяспекі і правілах выкарыстання электрапрыбораў у побыце і на вытворчасці. Прафілактычныя мерапрыемствы для нас не абмяжоўваюцца адным днём: пастаянна трымаем руку на пульсе, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў і электратраўм. Удзельнічаем у саставе аглядавых камісій, даводзім інфармацыю праз СМІ. Такія сустрэчы важныя: не будзе лішнім яшчэ раз нагадаць людзям простыя ісціны, якія дапамогуць ім зберагчы жыццё і здароўе.

Святлана Ванчук, класны кіраўнік 2 “Б” класа сярэдняй школы № 3 г. Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча:

– Нашы навучэнцы ведаюць базавыя правілы бяспекі яшчэ з дашкольнага ўзросту. Гэтыя веды мы пастаянна падмацоўваем. Сёння аб гэтым яшчэ раз расказалі спецыялісты арганізацый, якія непасрэдна звязаны з бяспекай жыццядзейнасці. Яны нагадалі дзецям, як паводзіць сябе ў той ці іншай экстраннай сітуацыі. Думаю, ім запомнілася. Яны ахвотна абменьваліся яркімі ўражаннямі і новымі ведамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga