Размова аб важным

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшла дыялогавая пляцоўка з удзелам кіраўніцтва раёна, навучэнцаў і педагогаў школ раёна.

Каб прыняць удзел у святкаванні Дня народнага адзінства, на Дзятлаўшчыну прыехаў наш знакаміты зямляк – лёгкаатлет, майстар спорту СССР міжнароднага класа, неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен СССР у бегу на 1500 і 5000 метраў, удзельнік ХІХ Алімпійскіх гульняў у Мехіка 1968 года Міхаіл Жалабоўскі. Ён таксама далучыўся да размовы з маладым пакаленнем.

Разам з вядучай, настаўніцай гісторыі, краязнаўцам Аленай Радомскай, школьнікі зрабілі экскурс у гісторыю, паразважалі, у чым сутнасць народнага адзінства і як гэтае паняцце звязана з сімваламі Беларусі, узгадалі прыклады з жыцця, калі людзі, аб’яднаныя адной ідэяй, могуць ствараць грандыёзныя рэчы і рабіць неверагодныя адкрыцці. Адзін з іх – усенароднае будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі – беларускага алмаза, які з’яўляецца цэнтрам навукі і даследавання.

Падлеткі задалі пытанні шаноўным гасцям.

– У чым вы бачыце значнасць Дня народнага адзінства для сучаснай Беларусі? – спыталі ў намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі.

– Бясспрэчна, гэта маладое свята вельмі важнае для нас, яно кансалідуе беларускі народ. Гэта гістарычная дата стала асновай нашай дзяржаўнасці сёння, дала ёй паступальнае развіццё. З іншага боку, гэты дзень служыць пэўным маяком для нашых нядобразычліўцаў, быццам нагадваючы: мы адзіныя, моцныя. Нам не трэба чужога, але ні пядзі сваёй зямлі мы не аддадзім, – адказаў Вадзім Аляксандравіч.

– Як вы ставіцеся да ўвядзення гэтага маладога свята ў Беларусі? – такое пытанне адрасавалі начальніку сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрыю Ёду.

– Вельмі станоўча. Дзень народнага адзінства – маладое свята з вялікімі гістарычнымі каранямі. Наша Беларусь – таксама маладая дзяржава, якая мае слаўную гісторыю, магутныя традыцыі, якія мы бяром з сабой у будучыню. Уз’яднаная ў 1939 годзе, Беларусь і сёння аберагае свой суверэнітэт, гістарычную спадчыну як вялікую каштоўнасць, па праве з’яўляецца роўнай сярод іншых дзяржаў свету, – паразважаў Дзмітрый Казіміравіч.

– Сёння на прасторах інтэрнэту многія гавораць аб ініцыятыве прадстаўнікоў Парламента, якую яны прапанавалі на абмеркаванне – зрабіць 17 верасня не проста святочным, а выхадным днём. Як вам такая ідэя? – пацікавіліся ў старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

– Каб больш упэўнена адказаць на гэтае пытанне, варта ўзгадаць лічбу, агучаную ў сённяшняй размове. Плошча тэрыторыі, далучанай у выніку ўз’яднання Беларусі ў 1939 годзе, складала 110 тысяч квадратных кіламетраў, на якіх жылі 4,5 мільёна чалавек. Гэта больш за палову сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэта надзвычай важны дзень. І я цалкам падтрымліваю ідэю надаць гэтай даце яшчэ большы статус, зрабіўшы яе выхадным днём.

Шмат пытанняў паступіла ў адрас госця-алімпійца. Адно з іх пра тое, чаго не хапае сучаснаму пакаленню беларускіх спартсменаў, каб было больш высокіх вынікаў?

– На маю думку, не хапае працавітасці. Каб дасягнуць нечага ў спорце, трэба строга захоўваць рэжым, добра харчавацца. Гэта важна ва ўсіх сферах жыцця, асабліва для вас, моладзь. Нават калі вы не збіраецеся стаць прафесійнымі спартсменамі, актыўна займайцеся спортам і падтрымлівайце здаровы лад жыцця, каб беларусы заставаліся здаровай і перспектыўнай нацыяй.

Сустрэча завяршылася нефармальнай размовай і фота на памяць у двары навучальнай установы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga