Лета – час падарожжаў, і гэта ніхто не будзе аспрэчваць. Чаму ж не выбрацца ў такі час хаця б на адзін дзень у новае месца?
Такім новым месцам для навучэнцаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якія адпачывалі ў летніку “Расток” стала вёска Горка і Паклонныя камяні. Выхаванцы трапілі туды першы раз і, безумоўна, здзівіліся і ўразіліся, бо там, ля тых Паклонных камянёў, жыве тысячагадовая гісторыя наша краю, нашай роднай Дзятлаўшчыны.
Мы ехалі па вельмі цікавым маршруце турыстычнага падарожжа “Дзятлава – Наваельня – Дварэц – Раготна – Саннікі – Горка – Паклонныя камяні”, які ўваходзіць у экскурсію “Дарогамі Дзятлаўшчыны”.
Горка – вёска з традыцыйнай для беларусаў назвай: на гары пасяліліся продкі – Горкай і паселішча назвалі. Паклонныя камяні знаходзяцца на паўночным усходзе ад вёскі і дзеючай царквы, падымацца да іх трэба ўвесь час угору, а калі хутка, то і дух нават зойме. Падняўшыся на ўзгорак, можна сустрэць невялікую драўляную капліцу, адрамантаваную і ярка пафарбаваную.
Глыбы агламерату ляжаць гаспадарамі гэтай мясцовасці на паўночна-ўсходнім схіле ўзвышша, ствараючы падабенства аркі. Над камлыгамі ўсталяваны крыж. Побач з камянямі і цяпер пакідаюць ахвярапрынашэнні – грошы, кветкі, ручнікі, прыгожыя хусткі. Паклонныя камяні – гэта некалькі вялізных камянёў у выглядзе аркі, але вельмі нізкай. Пад імі можна толькі прапаўзці, апіраючыся на рукі.
Адкуль яны ўзяліся тут? Хутчэй за ўсё, былі прынесены апошнім ледавіком, як і большасць камянёў, раскіданых па тэрыторыі Беларусі. Каменная арка, здаецца, вось-вось можа ўпасці, але гэта не так. Частка камянёў асела ў грунт, таму арка мае добрую ўстойлівасць. Паміж камянямі сохне старое дрэва, а самі гіганты густа пакрывае зялёны мох.
Паклонныя камяні з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая ахоўваецца дзяржавай. Археалагічныя раскопкі побач з імі пакуль не праводзіліся.
А што датычыцца легендаў, то і яны ёсць, і не адна. Расказваюць, што камяні атрымалі вядомасць таму, што прыносілі людзям ратунак ад хвароб. Але аднойчы ў мясцовага пана захварэў сабака, і ён вырашыў вылечыць жывёлу пры іх дапамозе. Пан пранёс сабаку тры разы пад камянямі, але праз нейкі час яны аселі ў зямлю па ўзровень росту сабакі. Таму цяпер людзі поўзаюць на каленях пад камянямі, жадаючы атрымаць дапамогу гэтых гаючых гігантаў мінулага. Кажуць, што камяні правісаюць, калі пад імі пралазіць чалавек, які не верыць у іх цудадзейную сілу. А калі побач з імі знаходзіўся чалавек, які ўслых казаў пра сваё нявер’е, то праз нейкі час ён захворваў і не мог паправіцца, пакуль не прасіў прабачэння ў камянёў.
У каплічцы побач з камянямі ёсць друкаваныя выявы на тэмы Новага Запавету. Над выявамі – надпісы на царкоўнаславянскай мове, а ўнізе ледзь прыкметныя надпісы на беларускай мове – на тарашкевіцы. Напрыклад, выразна праглядаецца слова “грамніцы”.
Паклонныя камяні – знакавае месца Дзятлаўшчыны. Мясцовыя жыхары называюць іх каменнай брамай і лічаць магічнай, нерукатворнай, якая дайшла да нашага часу яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Яшчэ адна легенда сцвярджае, што на гэтым месцы знаходзіўся вялізны каменны храм і вароты былі своеасаблівым уваходам у яго. Пасля царква была разбурана, на месцы яе пабудавалі драўляную, ад якой сёння таксама не засталося і следу.
Як бы там ні было, старажылы расказвалі, што калісьці гэтыя вароты былі настолькі высокія, што пад імі мог свабодна праехаць коннік. На Юр’е, калі на гэтым месцы яшчэ стаяла драўляная царква, тут ладзілі святы з коннымі спаборніцтвамі. Коннікі, якія збіраліся з усёй акругі, павінны былі з ходу праскочыць праз каменную арку.
З таго часу, напэўна, і захавалася павер’е: вароты адорваюць моцным здароўем таго, хто з верай праз іх пройдзе, робяць дабро толькі добрым людзям. А людзей злых прыходзіла да іх больш, чым добрых, вось і сталі камяні пакрысе закопвацца ў зямлю, нібы прыгнечаныя чалавечым карысталюбствам. Цяпер жа разабраць, што выдумка, а што праўда, вельмі складана. Адно відавочна: месца гэтае, схаванае ў зарасніках, і сёння лічыцца святым. І не знойдзецца ў Горцы і ў наваколлях такога чалавека, які не ведае пра незвычайныя валуны, а многія і па дапамогу да іх прыходзяць. Слава аб каменным цудзе, аб яго гаючых уласцівасцях разнеслася далёка. Прыязджаюць сюды людзі з усёй Беларусі і нават з іншых суседніх краін.
А вы былі ў сакральным месцы нашай роднай Дзятлаўшчыны? Яшчэ не? Тады можаце зрабіць гэта разам з намі ў любы зручны для вас час. Звяртайцеся ў Дзятлаўскі турінфацэнтр па тэлефоне 8-01563-3-25-58.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga