Асабісты прыём грамадзян і юрыдычных асоб у раённым выканаўчым камітэце правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Орда.
Паступілі чатыры звароты, адзін з якіх – калектыўны. Дзятлаўчан хвалявалі пытанні добраўпарадкавання вуліц горада і райцэнтра, санаторна-курортнага лячэння ў санаторыях Гродзенскай вобласці, арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў, а таксама наданне фестывалю роставых лялек статуса рэспубліканскага.
Міхаіл Сяргеевіч даў адказы заяўнікам у час асабістага прыёму або падказаў шляхі вырашэння праблем, гарантаваўшы сваю пратэкцыю і падтрымку. Пытанні, з якімі грамадзяне звярнуліся на прыём, дэпутат узяў на кантроль, па некаторых пазіцыях і далейшым развіцці раёна абмеркаваў са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім.
Дэпутат расказаў, чаму так важныя рэгулярныя сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства:
– Асабістыя прыёмы грамадзян – норма, замацаваная ў рэгламенце работы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У ходзе такіх сустрэч мы знаёмімся з жыццём раёна, работай сацыяльных аб’ектаў, праблемнымі пытаннямі рэгіёна для таго, каб аператыўна рэагаваць на просьбы людзей. Грамадзянам таксама важна сустракацца са сваім абраннікам. У кожным раёне, вобласці ёсць службы, якія адказваюць за пэўныя сферы жыцця людзей, “знімаючы” вострыя пытанні ў рабочым парадку. Але нават калі ўсё добра, людзям хочацца яшчэ лепш, і гэта нармальна. Усе мы працуем для таго, каб палепшыць жыццё людзей. Так асабістыя клопаты становяцца каталізатарам прыняцця законаў, якія ў далейшым дзейнічаюць на дабрабыт грамадзян усёй краіны. На маю думку, законы павінны “не стаяць на месцы”, а змяняцца згодна з актуальнымі запытамі грамадства.
З другога боку, абавязак кожнага дэпутата і яго асабістая адказнасць – пастарацца максімальна дапамагчы людзям, апраўдаць спадзяванні і давер, аказаныя яму выбаршчыкамі.
У ходзе візіту на Дзятлаўшчыну Міхаіл Орда пазнаёміўся з работай службы “адно акно” райвыканкама, абмеркаваў з яе спецыялістамі надзённыя пытанні і звароты дзятлаўчан.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga