Марына Лашкоўская: “Адчуваецца магутная падтрымка дзяржавы”

Важнае Грамадства

У Палацы Рэспублікі ў Мінску прайшоў Рэспубліканскі педсавет з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які сабраў больш за 2,5 тысячы дэлегатаў з усіх абласцей нашай краіны.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі і педагогі Дзятлаўшчыны. Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзялілася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– У нашай краіне сістэме адукацыі як фундаменту грамадства і дзяржавы надаецца павышаная ўвага. Пацвярджэнне таму – штогадовы Рэспубліканскі педагагічны савет, у час якога Прэзідэнт Беларусі агучыў асноўныя пасылы работнікам сістэмы адукацыі. Абмяркоўваліся такія важныя паняцці, як прэстыж педагога, патрыятызм, прафесіі будучыні. Лейтматывам гучала думка, што толькі мы сваім прыкладам зможам выхаваць дастойнае пакаленне. “Моладзь такая, якія мы”, – адзначыў у сваім выступленні Аляксандр Рыгоравіч. Цалкам згодна з гэтым! Кранулі словы кіраўніка дзяржавы: “Без вас, настаўнікаў, не будзе нікога. І самае галоўнае, не будзе здароўя. Калі вы не навучыце ў школе – дактароў не будзе” і тое, што “настаўнік – гэта чалавек Прэзідэнта”. Адчуваецца магутная падтрымка сістэмы адукацыі на дзяржаўным узроўні.

Прэзідэнт у сваім выступленні адзначыў, што адукацыя – гэта сфера, якая патрабуе пастаянных укладанняў, і гэта выразна відаць на прыкладзе нашага раёна. На мадэрнізацыю ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года было затрачана звыш 2 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. За ўсё гэта і пастаянную падтрымку  сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны шчырыя словы ўдзячнасці хачу выказаць старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму.

Форум атрымаўся інфарматыўным: адкрыта абмяркоўваліся праблемы і перспектывы айчыннай сістэмы адукацыі. Паднімаліся актуальныя пытанні, прысутныя мелі магчымасць абмяняцца меркаваннямі наконт якаснага функцыянавання галіны і павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga