Хто галоўны ў экіпажы?

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Няма лепшага памочніка ў рабоце, як родная жонка.

Пацвярджэннем таму – сямейны экіпаж Майсейчыкаў, які восьмы сезон працуе на жніве ў ААТ “Граніт-Агра”.

На палетках іх камбайн можна пазнаць здалёк: плыве, рассякаючы збажыну, “Гомсельмаш GS-12”, за штурвалам – камбайнер Вадзім Майсейчык, побач – памочнік, штурман, спадарожніца жыцця Ірына Іванаўна.

Аграрыі ўпэўнены: каб тэхніка не падводзіла ў гарачую пару жніва, трэба і самім да яе ставіцца з пашанай: рыхтаваць як належыць да сезона і быць гатовымі праводзіць рамонт у экстранным парадку. А яшчэ кожны новы сезон хлебароб адзначае новым каласком на борце камбайна, сёлета да іх дадаліся яшчэ і зоркі, проста так, каб было прыгожа.

– Хто галоўны ў экіпажы? – пытаюся ў суразмоўцаў.

– Напэўна, муж! У яго 17 сезонаў на жніве за плячыма, столькі ж гадоў нашай сям’і. Абодва працуем у сельгаспрадпрыемстве і ўжо восьмы сезон – на жніве, – расказвае жанчына.

– Як вырашылі стварыць сямейны экіпаж?

– Ідэю прапанаваў колішні кіраўнік прадпрыемства Сямён Макарэвіч, – расказвае Вадзім Уладзіміравіч. – Ён уручыў мне новы камбайн і трактар з блаславеннем на сямейную працу. З таго часу практычна кожны сезон муж і жонка разам і дома, і ў полі.

– Напачатку, можа, было і складана, але з цягам часу ўсяму навучылася: і муфты ставіць, і жатку чысціць, і ў рамонтах удзельнічаю.

– Як удаецца цэлы дзень працаваць разам і не пасварыцца?

– Дакладна размеркаваны абавязкі, у мяне свае, у жонкі – свае, абодва іх выконваем, – кажа механізатар. – Удзячны ёй за тое, што займаецца афармленнем усёй дакументацыі, пуцявых лістоў, мне вялікая дапамога.

– Калі вы цэлы дзень разам у полі працуеце, хто гатуе вячэру?

– Нашы дзеці, яны дарослыя ўжо, памочнікі, – толькі ўсміхаецца Ірына Іванаўна. – Дочкам 17 і 15 гадоў, старэйшая ўжо студэнтка, сыну 9 гадоў. Толькі тэлефануюць нам з пытаннем, што згатаваць на вечар.

Ірына і Вадзім Майсейчыкі ўпэўнена набліжаюцца да знакавага тысячнага рубяжа, а ўсе аграрыі гаспадаркі – да завяршэння жніва-2024. Яны жадаюць хлебаробам моцнага здароўя, добрага надвор’я і высокіх намалотаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga