Наша зямлячка, дырэктар Вензавецкай сярэдняй школы Ганна Франюк, прадставіла Дзятлаўшчыну на абласной жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы была ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
Уладальніца высокага звання падзялілася ўражаннямі ад мерапрыемства і расказала пра свой педагагічны шлях.
– Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” не проста высокая ўзнагарода, гэта ацэнка ўсяго майго шляху ў адукацыі даўжынёй у 44 гады, 21 з іх я працую дырэктарам Вензавецкай сярэдняй школы. За больш чым паўвекавую гісторыю нашай навучальнай установы, выпускніцай якой я таксама з’яўляюся, я другі па ліку кіраўнік пасля Міхаіла Клімко. Мы захавалі будынак школы, яе традыцыі, калектыў, перадалі напрацаваны вопыт маладому пакаленню педагогаў. У мяне паверылі і падтрымалі як педагагічны калектыў, так і мая сям’я. За дзесяцігоддзі работы я прывыкла аддаваць роднай школе ўсю сябе. Ніколі не забуду словы свайго бацькі, калі я была прызначана дырэктарам: “Дачушка, ты ўзяла на сябе найвялікшую адказнасць і павінна зрабіць усё, каб твая школа развівалася і квітнела. Асабістае можна пакінуць на потым, а ў навучальнай установе павінна быць усё ідэальна”. Заўжды помню татаў наказ і выконваю яго.
– Што найбольш важна ў рабоце педагога і кіраўніка школы?
– Адукацыя – гэта мой лёс. За гэтыя гады ў школе падабралася каманда аднадумцаў, з якой можна смела рэалізоўваць любыя справы. Дысцыплінаваныя, адказныя, якія любяць дзяцей і сваю работу – такія людзі працуюць у Вензавецкай сярэдняй школе. За мінулыя дзесяцігоддзі наш калектыў паказваў высокія вынікі на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Няма ніводнага значнага адукацыйнага конкурсу, дзе мы ні былі б пераможцамі ці прызёрамі. Упартасць, давядзенне любой справы да паспяховага завяршэння – тое, чым я і мае калегі заўжды кіруюцца ў рабоце. Разам мы ставім высокія мэты і дасягаем іх. І самае галоўнае – гэта якасць ведаў навучэнцаў: на працягу апошніх сямі гадоў у нас пастаянна ёсць пераможцы і прызёры навуковых канферэнцый і конкурсаў. Для стварэння бяспечных і камфортных умоваў для навучэнцаў мы ў 2007 годзе зрабілі капітальны рамонт будынка школы, удзел у работах прымалі як педагогі, так і бацькі. Бачу сваю заслугу ў тым, што часцінку душы ў педагогаў, а яны – у сваіх навучэнцаў. Асоба выхоўвае асобу. Гэты тэзіс стаў лейтматывам маёй педагагічнай дзейнасці.
– Якія эмоцыі адчувалі, атрымліваючы заслужаную ўзнагароду?
– Усё было настолькі ўрачыста і хвалююча, што, калі паднімалася на абласную сцэну, здавалася, што маё сэрца выскачыць з грудзей. У галаве былі думкі: “Дзякую, Госпадзі, за тое, што я стала педагогам”. На сцэне – адчуванне эйфарыі: не бачыла залу, але адчувала магутную падтрымку аднадумцаў. Ад душы жадаю адчуць такія эмоцыі кожнаму, хто многія гады адказна працуе на ніве адукацыі. Шчырыя словы ўдзячнасці хачу выказаць кіраўніцтву раёна, начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Марыне Лашкоўскай, якая верыць у педагогаў і хварэе за педагагічную справу.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga