Адным з запамінальных святочных аб’ектаў на раённых “Дажынках” стала выстава-дэгустацыя хлебабулачных вырабаў ад Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
Заслужана арганізацыя стала лепшай у адной з конкурсных намінацый фестывалю. Гэта пачэсная, але не адзіная ўзнагарода ў скарбонцы нашых хлебапёкаў. Аб конкурсным жыцці, падрыхтоўцы да святаў і мадэрнізацыі расказала начальнік аддзела прамысловасці, нарыхтовак, знешнеэканамічнай дзейнасці і рынкаў Дзятлаўскага філіяла Вольга Лялей:
– Лета было гарачым для нашага калектыву ў плане ўдзелу ў конкурсах і святочных мерапрыемствах, дзе мы прадстаўлялі сваю хлебабулачную і кандытарскую прадукцыю. Не так даўно вярнуліся з каравай-фэста “Бацькава булка” ў Свіслачы, дзе да пачатку свята ладзіўся аднайменны рэспубліканскі конкурс, куды мы вазілі тры ўзоры сваёй прадукцыі. Наш рулет “Блізнятка” стаў сярэбраным прызёрам у адной з пяці конкурсных намінацый – “Сучасныя віды хлеба”. На самім фестывалі мы стаялі з продажам сваёй прадукцыі. Скажу шчыра, чарга да нашага прылаўка не заканчвалася, усе вельмі хвалілі дзятлаўскія вырабы. Раскупілі ўсё! Нядаўна мы падалі заяўку на рэспубліканскі конкурс “Смаката” ў Мінску, дзе мінулы раз заваявалі гран-пры, сярэбраны і залаты медалі. Спадзяёмся, сёлета пакажам не горшы вынік.
– Што за сюрпрызы былі падрыхтаваны да раённых “Дажынак”?
– Усім калектывам выпякалі вялікі святочны каравай на 40 кілаграмаў, які выстаўляўся побач з цэнтральнай святочнай сцэнай. Таксама падрыхтавалі караваі для гасцей Дзятлаўшчыны і для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна, удзельнічалі разам з землякамі ў раённым конкурсе “Матулін каравай”. Фурор зрабіла выстава-дэгустацыя прадукцыі хлебнага цэха на “Дажынках”, якую наведала і кіраўніцтва раёна, і госці фестывалю. Там мы прадставілі выпечку аднаго дня: 23 найменні вырабаў хлебнага цэха ад розных відаў хлеба і батонаў да кандытарскіх вырабаў – рулеты, булачкі з рознымі начынкамі. Сярод іх – хлеб “Здравушка” з насеннем ільну, рулет-прызёр “Блізнятка”, у якім пераплятаюцца дзве “касы” з рознымі начынкамі (напрыклад, мак і карыца). Ён вельмі смачны і прыгожы ў разрэзе. Адзначу, што ўсю прадукцыю, прадэманстраваную на выставе, можна знайсці ў рознічным гандлі ў магазінах горада і раёна. Вельмі прыемна, што нашу працу ацанілі, адзначылі дыпломам пераможцаў конкурсу на лепшае гандлёвае месца “Дажынак-2024”. У кожным бохане – заслуга і залатыя рукі нашых майстроў-хлебапёкаў. Будзем і надалей старацца радаваць сваіх пакупнікоў.
– Які хлеб самы любімы ў спажыўцоў?
– Самым папулярным у дзятлаўчан застаецца хлеб “Прыазёрны”, які мясцовыя жыхары называюць “кірпічык”, аднак у нашым арсенале, акрамя фармавога, ёсць пяць відаў падавога хлеба: чаргуем іх, кожны дзень выпякаючы новы гатунак. Прыемна, што наш хлеб і булачкі любяць не толькі на Дзятлаўшчыне, прадукцыя хлебнага цэха пастаўляецца ў сем раёнаў Гродзеншчыны. Для паляпшэння якасці хлеба праводзім планавую мадэрнізацыю вытворчасці: у маі ўстанавілі новы цестамясіцель, цяпер набываем цестадзялільнік для чорнага хлеба. Якасны і смачны хлеб гатуецца на сучасным абсталяванні па традыцыйных рэцэптах на радасць людзям.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga