Дзень Дварэцкага сельскага савета

Важнае Улада

Эстафету правядзення Дзён сельскага Савета ў Дзятлаўскім раёне прыняў Дварэцкі сельсавет. У яго рабоце ўдзельнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў.

Абмеркавалі ў гэты дзень работу сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва, паглядзелі на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, як падрыхтаваліся мясцовыя ўстановы адукацыі да новага навучальнага года.

Старшыня сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч расказаў, што Дварэцкі сельскі савет утварыўся ў 1940 годзе. На дадзены момант у яго састаў уваходзяць тры аграгарадкі, 38 вёсак і 2 хутары. Колькасць насельніцтва, якое жыве тут пастаянна, па стане на 1 жніўня 2024 года склала 1636 чалавек.

Знаёмства з інфраструктурай сельсавета пачалі з Дварэцкага дома культуры, дзе яго загадчыца Людміла Баклушына расказала пра поспехі і планы калектыву творчай установы.

Ужо добра вядомы не толькі на Дзятлаўшчыне, але і далёка за яе межамі майстар па лозапляценні Сяргей Балыкоў правёў майстар-клас для гасцей. А яшчэ на выставе работ яго самога і яго вучаніц тым, хто пажадаў, давялося пасядзець на ўнікальным стуле, зробленым з лазы і дварэцкага лёну.

Пазнаёміліся з выставай былых і новых работ мастака-жывапісца і разбяра па дрэве Аркадзя Сокала і рамесніцы Наталлі Савік, якая стварае дзіцячыя ўпрыгажэнні, кветкі з фоамірану.

У Дварэцкай сельскай бібліятэцы, акрамя шыкоўнага выбару кніг, прыемна было назіраць і падшыўку сваёй газеты “Перамога”.

Гасцінна сустракалі дэлегацыю начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і кіраўнікі мясцовых школы і дзіцячага сада Наталля Болтач і Людміла Ляпко.

У гэтым вучэбным годзе Дварэцкая сярэдняя школа прыме 107 вучняў, у яслях-садзе выхоўваюцца 28 дзяцей. З 1 жніўня 2024 года закрыты Раготнаўскі дзіцячы сад.

На тэрыторыі сельсавета размешчаны наступныя прадпрыемствы: ААТ “Дварэц-Агра”, ААТ “Граніт-Агра”, Раготнаўскае лясніцтва, Боркаўскі вытворчы ўчастак ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”.

Экскурсію-знаёмства з апошнім правёў яго кіраўнік Аляксей Зелянуха.

Аляксей Рыгоравіч расказаў, што за сем месяцаў бягучага года заводам рэалізавана 1540,5 тоны льновалакна, у тым ліку ў рамках дзяржзаказу прадпрыемствам канцэрна “Беллегпрам” – 1021,7 тоны (100,2 % да задання). Для забеспячэння вытворчасці сыравінай сёлета лён-даўгунец вырошчваецца на плошчы 3526 гектараў. Чакаецца ўраджайнасць ільнотрасты 36,2 цэнтнера з гектара. Працуюць на Дварэцкім ільнозаводзе 256 чалавек.

Наведалі таксама вельмі прыгожы дом-сядзібу Ірыны Антропавай, якая прафесійна займаецца развядзеннем кветак, кустоў, дрэваў. У пітомніку Ірыны Віктараўны безліч раслін, пра якія яна можа расказваць гадзінамі, з такой любоўю і адданасцю, быццам пра родных дзяцей.

Не горш за платную клініку выглядаюць кабінеты Раготнаўскай амбулаторыі. Але, упэўнена, не толькі лекі і ўтульныя памяшканні, а яшчэ і вельмі пазітыўны, добрасардэчны памочнік доктара Тэрэза Кардаш дапамагаюць выздараўліваць мясцовым пацыентам.

У каталіцкай святыні аграгарадка гасцей сустракаў ксёндз Дзмітрый Папянюк, які расказаў пра гісторыю касцёла, яго прыхаджан, складанасці, з якімі прыходзіцца сутыкацца.

Напрыканцы зазірнулі ў мясцовы магазін “Родны кут”, дзе, дарэчы, уразіў асартымент тавару: ад малака, замарожаных мясных вырабаў да экзатычных фруктаў.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Бараноўскі падзякаваў Канстанціну Вінцукевічу за работу, адзначыў, што яна вядзецца вынікова, даў некалькі парадаў на будучыню і анансаваў, што наступным аб’ектам пільнай увагі ў верасні стане Дзятлаўскі сельсавет.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga