Дзелавы панядзелак. На нарадзе: ураджай будучага года закладваецца ўжо цяпер

Важнае Улада

Фініш жніва, ворыва, сяўба азімага рапсу, плюсы-мінусы ў жывёлагадоўлі, кантроль за невыкарыстоўваемымі капітальнымі будынкамі, лясныя “пацярашкі” – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Будзе корм – будзе малочная прадукцыйнасць

На раённай нарадзе прадоўжылі тэму абласной, дзе аналізавалі ключавыя моманты работы аграрыяў. На раніцу 12 жніўня на Дзятлаўшчыне ўбрана 78,8 % плошчаў зерневых і зернебабовых культур, абмалочана 13 492 гектары, намалочана 49 407 тон зерня, ураджайнасць склала 36,6 ц/га.

– Засталося ўбраць 3637 гектараў, больш за дзве тысячы з якіх належаць польскаму інвестару, які, дарэчы, пакуль ад дапамогі іншых гаспадарак адмовіўся. Што датычыцца дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў раёна, СГФ “АграМілк” завяршыла жніво, астатнім неабходна 3-4 дні для “ўборачнага фінішу”, – адзначыў Андрэй Садоўскі.

Па падрыхтоўцы глебы і сяўбы азімага рапсу Дзятлаўскі раён ідзе добрымі тэмпамі: 3620 гектараў рыхтуецца пад азімую сяўбу, 65 % плошчаў ужо падрыхтавана, пасеяна 600 гектараў.

Абсалютна лідарскія пазіцыі займае Дзятлаўшчына ў Гродзенскай вобласці па падсеве шматгадовых траў на раллі: план 1230 гектараў, выканана 1645 гектараў (у тым ліку 1199 – люцэрны), што складае 134 %; і па перазалужэнні: план 1410 гектараў, выканана 2440 гектараў, што складае 173 %.

З 20 жніўня стартуе  раённы конкурс прафесійнага майстэрства механізатараў, занятых на ўзворванні глебы, “Лепшы араты-2024”.

– Не бывае лёгкіх сезонаў для вытворцаў сельгаспрадукцыі. Кожны дзень, кожная гадзіна павінны быць напоўнены клопатамі. У палях мы закладваем ураджай будучага года ўжо цяпер. А калі кармоў будзе ў дастатку, можна разлічваць і на прыбаўку малака, мяса, а значыць, і на прыбытак, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Пераключыўшыся на тэму жывёлагадоўлі, Андрэй Уладзіміравіч зрабіў заўвагі па рабоце свінакомплексу ААТ “Граніт-Агра”, абазначыў тэхналагічныя моманты, якія патрабуюць прафесійнага куратарства з боку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Дзятлаўскага селекцыйна-племяннога цэнтра жывёлагадоўлі.

Па грыбы – з прыгодамі, а то і назаўсёды

Амаль штодня трагічныя гісторыі папаўняюць статыстыку здарэнняў ратаўнікоў або праваахоўнікаў. Здавалася б, проста пайшлі ў лес на “ціхае паляванне”. А праз некаторы час сотні людзей (службаў і добраахвотнікаў) накіроўваюцца на іх пошукі.

7 жніўня ў Астравецкім раёне на тэрыторыі закінутага домаўладання ў неэксплуатуемым пітным калодзежы, напоўненым вадой, глыбіня якога 10 метраў, знойдзены труп пенсіянера, 1961 года нараджэння, які паехаў у лес па грыбы.

11 жніўня ў Шчучынскім раёне шукалі трохгадовага хлопчыка, якога бацькі ўзялі з сабой у лес. Як расказалі праваахоўнікі са словаў гора-бацькоў, ужо не першы раз апошнія вязуць дзіця з сабой, ставяць на сцяжынку і кажуць ісці па ёй да аўтамабіля, на якім прыехалі, а самі тым часам збіраюць дары лесу. На гэты раз дзіця не дайшло да аўтамабіля. Хлопчык прайшоў па лесе 8 кіламетраў, стомлены, змучаны ён ляжаў пад дрэвам, калі яго знайшлі. Усё абышлося, медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.

У гэты ж дзень у Дзятлаўскім раёне ў лесе каля вёскі Нянадавічы заблукаў жыхар Доўбневіч, 1963 года нараджэння. Яго шукалі некалькі гадзін, пакуль заўважылі мясцовыя жыхары і патэлефанавалі ў міліцыю.

10 жніўня ў лесе паблізу вёскі Клішавічы заблукалі лідчане: бацька, 1965 года нараджэння, і сын, 1989 года нараджэння. Мужчыны прыехалі па грыбы на цягніку, дэзарыентаваліся ў лесе настолькі, што ў выніку правялі ў ім ноч.

Кожны такі выпадак мае свой рэзананс, аналіз і прыводзіць да прыняцця пэўных мераў рэагавання: абследаванне невыкарыстоўваемых капітальных будынкаў, у тым ліку закінутых калодзежаў, павінна праводзіцца штогод, будзе праведзена пазачарговае па ўсёй вобласці; камісія па справах непаўналетніх і праваахоўныя органы зоймуцца бацькамі, якія лічаць нармальным пакідаць дзіця ў небяспечных умовах; прафілактыку па правілах знаходжання ў лесе: з зараджаным тэлефонам, вадой, прадуктамі харчавання, загадзя папярэдзіўшы сваякоў або суседзяў, куды накіроўваешся, – нагадаюць сродкі масавай інфармацыі.

Але ўсё гэта ўжо дзеянні постфактум. Свядомасць людзей, іх адказнасць за жыццё сваё і блізкіх павінны быць на першым месцы, куды б яны ні накіроўваліся.

Іншыя тэмы коратка

Адсутнасць выбару школьнай формы ў аб’ектах дзяржаўнага гандлю раёна плануецца кампенсаваць выязнымі кірмашамі з прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.

****

Дзятлаўшчына прадаўжае падрыхтоўку да ацяпляльнага перыяду 2024-2025 гадоў. 25 спажыўцоў цеплавой энергіі і 6 цеплакрыніц не атрымалі своечасова пашпарты гатоўнасці. Па кожным прадпрыемстве праведзена разбіральніцтва.

****

Па выніках камісійнага абследавання прынята рашэнне аб усталяванні на 21 могілках у раёне дадатковых пляцовак пад кантэйнеры для збору адходаў.

****

Участковым інспектарам аддзела ўнутраных спраў райвыканкама пастаўлена задача выключыць фармалізм у рабоце з грамадзянамі працаздольнага ўзросту, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, максімальна жорстка падыходзіць да накіравання іх у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: