Да 80-годдзя Гродзенскай вобласці. Пошукавая работа працягваецца

Важнае Грамадства

Напярэдадні 80-гадовага юбілею Гродзеншчыны бібліятэкі дзяржаўнай установы культуры “Дзятлаўская раённая бібліятэка” арганізавалі тэматычныя выставы“#4 рэгіён 80”, “80 гадоў Гродзенскай вобласці”, якія знаёмяць з самымі важкімі дасягненнямі і падзеямі краю, што пакінулі глыбокі след у яго гісторыі і развіцці.

Супрацоўнікі аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці вядуць пошукавую работу ў рамках абласнога дайджэста “80 фактаў з гісторыі Гродзеншчыны”. Кароткія агляды, анатацыі, унікальныя звесткі, фотаздымкі, копіі дакументаў, публікацый у сродках масавай інфармацыі за 80-гадовы перыяд – усё гэта будзе даступна жадаючым дакрануцца да гісторыі Гродзенскага рэгіёна на сайце абласной бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага. За перыяды 1944-1963, 1964-1984, 1984-2004 гады ў абласную бібліятэку ўжо адпраўлены інфармацыйныя матэрыялы аб Дзятлаўшчыне.

Адзін з іх расказвае пра пачатак руху па стварэнні калгасаў (1946-1948 гады). У лютым 1948 года быў створаны першы калгас “Перамога” на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна (Засецкі сельсавет), пазней назва змянілася на “Расія”, “Русь-Агра”. Да 1 студзеня 1949 года існавалі тры калгасы, яны аб’ядноўвалі 116 сялянскіх гаспадарак. Да верасня 1949 года іх стала 18.

Другі матэрыял пра Дзятлаўскі музей, які быў створаны ў 1966 годзе і адкрыты для наведвальнікаў 5 мая 1968 года. Адным з арганізатараў і першым дырэктарам яго з’яўляўся краязнаўца, заслужаны настаўнік БССР Міхаіл Петрыкевіч. У экспазіцыі раскрывалася гісторыя краю з 1917 года да 60-х гадоў XX стагоддзя. Там можна было даведацца пра перамогу Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, першыя рэвалюцыйныя камітэты на тэрыторыі краю і ўтварэнне БССР, становішча Дзятлаўшчыны ў саставе Польшчы, пра Вялікую Айчынную вайну і сацыялістычныя пераўтварэнні ў раёне.

Яшчэ адзін матэрыял – аб санаторыі “Радон”. Яго гісторыя пачынаецца з канца 70-х пачатку – 80-х гадоў XX стагоддзя, калі мясцовыя жыхары звярнулі ўвагу на лячэбныя ўласцівасці вады з   крыніцы. Адкрыты санаторый быў у 1993 годзе. Ён лічыцца адным з лепшых у краіне для адпачынку, аздараўлення і лячэння не толькі беларусаў, але замежных гасцей, якія едуць сюды па ўнікальныя натуральныя радонавыя ванны і мясцовыя сапрапелевыя гразі. Сёння здраўніца па праве з’яўляецца прызнаным лідарам у галіне, дзе паспяхова ўкараняюцца самае сучаснае абсталяванне і перадавыя тэхналогіі, візітнай карткай вобласці, раёна.

Марына БОРТКА,
метадыст аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: