Андрэй Садоўскі: “Гэту галіну выбіраюць толькі самыя моцныя і годныя людзі”

Галоўнае Улада

Для кожнага аграрыя пасяўная і ўборачная кампаніі – гэта здача экзамену. Добра падрыхтуешся, зробіш усё дакладна і хутка – атрымаеш важкі вынік і павагу людзей.

У няпростых і нават экстрэмальных умовах надвор’я дзятлаўскія сельгаспрадпрыемствы змагаліся за кожны вырашчаны колас, за кожнае зярнятка. І атрымалі годны ўраджай. Напярэдадні самага важнага раённага свята “Дажынкі-2024” мы пагутарылі са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Андрэем Садоўскім пра сёлетні ўраджай, перспектывы і планы сельскай гаспадаркі, святочны настрой дзятлаўчан.

– Андрэй Уладзіміравіч, застаўся тыдзень да падвядзення вынікаў уборачнай кампаніі, дзятлаўскі “каравай” будзе важкі?

– Відавочна, што ён будзе больш важкі, чым у мінулым годзе. Лічба не канчатковая, паколькі на палетках прадпрыемствы “РоданАгра” і “РоднаАграПол” яшчэ дапрацоўваюць зерне. Аднак ужо з упэўненасцю можна сказаць, што дзятлаўскія хлебаробы здалі “экзамен” на выдатна. У гэтым заслуга кожнага камбайнера і вадзіцеля, агранома, работніка зернесушыльных комплексаў і кіраўніка сельгаспрадпрыемстваў, а таксама ўсіх жыхароў Дзятлаўшчыны, хто аказваў дапамогу аграрыям ва ўборачную гарачую пару.

Праца аграрыя ніколі не была простай. Ні ў старажытныя часы, калі нашы продкі апрацоўвалі зямлю ўручную, ні цяпер, у эпоху аўтаматызацыі. У аснове ўсё роўна застаецца чалавек, які кіруе машынамі і асвойвае тэхналогіі, шукае новыя шляхі развіцця і захоўвае слаўныя традыцыі папярэдніх пакаленняў. А самае галоўнае – любіць сваю зямлю. 24 жніўня хлебаробы адсвяткуюць завяршэнне ўборачнай кампаніі, але праца на палях Дзятлаўшчыны па-ранейшаму кіпіць. Закладваецца база пад новы ўраджай, завяршаецца сяўба азімага рапсу, прадаўжаецца ўборка льну, наперадзе – уборка бульбы, кукурузы, нарыхтоўваюцца кармы. Дарэчы, на сёння кармоў нарыхтавана больш, чым летась на 31 %. Такі значны для жывёлаводаў паказчык, як нарыхтоўка кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы, складае 14,26 цэнтнера. Станоўчую дынаміку паказвае і сфера жывёлагадоўлі: надоі на адну карову складаюць 19,3 кілаграма, што больш на 1,6 кілаграма да ўзроўню мінулага года.

– Перапрацоўчыя прадпрыемствы раёна таксама працуюць “на поўную”?

– Гэта так. Наш раён адметны тым, што практычна ўсю сельгаспрадукцыю мы перапрацоўваем самі. Цяпер магутнасці дзятлаўскіх перапрацоўчых прадпрыемстваў загружаны сыравінай пад поўную патрэбу, ёсць магчымасць вырабляць тую прадукцыю, якая карыстаецца попытам унутры Беларусі, таксама прадаваць яе за межы краіны. А, напрыклад, Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў забяспечвае сваёй прадукцыяй насельніцтва і галіну жывёлагадоўлі раёна.

– Горад рыхтуецца да свята, пераўвасабляецца на вачах дзятлаўчан.

– Хачу сказаць, што адказнасць і добрасумленнасць, працалюбства – тыя рысы, якія ўвогуле ўласцівы жыхарам нашага раёна. Да галоўнага свята хлебаробаў “Дажынкі-2024” усе разам, як кажуць, “усім светам” падрыхтавалі, добраўпарадкавалі райцэнтр. Зразумела, буйныя праекты планаваліся да рэалізацыі загадзя, многія работы вяліся на працягу года. Сярод іх: добраўпарадкаванне вуліцы Навагрудскай – згодна з планам у чэрвені-ліпені завяршалі работы па ўкладцы тратуарнай пліткі і ўстаноўцы сістэм асвятлення; вуліца Леніна, дзе заменены водаправодныя і каналізацыйныя сеткі, цяпер асфальтуецца; дваровая тэрыторыя па вуліцы Кірава таксама на стадыі завяршэння будаўнічых работ і іншыя аб’екты. Аднак касметычны выгляд раённага цэнтра: пафарбоўка агароджаў, чыстка пліткі, падрэзка кустоўя, пакос травы – гэта заслуга ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў, якія прыклалі намаганні і стварылі атмасферу свята не толькі аграрыям, але і самім сабе.

– Андрэй Уладзіміравіч, паколькі закранулі тэму добраўпарадкавання, што яшчэ да канца бягучага года з буйных аб’ектаў плануецца рэалізаваць?

– Іх нямала. У верасні-кастрычніку ў вёсцы Ахонава пачне працаваць модульны ФАП. Завяршаецца рамонт адміністрацыйнага корпуса Дзятлаўскай ЦРБ. Варкаўт-пляцоўка з’явіцца ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. У гэтай навучальнай установе правядуць рамонт даху. Заканчваюць работы будаўнікі на даху Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук. Арэнднае жыллё пасля рэканструкцыі жылога дома будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў гарпасёлку Казлоўшчына. Прыступаем да работ на першым пускавым комплексе па рамонце лазні ў райцэнтры. Шмат часу спатрэбілася для распрацоўкі праекта па ім, выбару падрадчыка, вызначэння і закупкі будаўнічых рэсурсаў, матэрыялаў. Гэта доўгачаканы, аб’ёмны, важны і няпросты аб’ект. Але мы не адступіліся ад намечанага плана і рэалізуем яго. Адпрацавана арганізацыя, якая будзе весці рамонтныя работы, аб’ект забяспечаны фінансаваннем. Дарэчы, згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, кошт яго складае 10 мільёнаў рублёў, перыяд правядзення работ толькі па першым пускавым комплексе вызначаны ў 7 месяцаў.

– Вернемся да тэмы свята.

– З задавальненнем. Ушанаванне герояў жніва – гэта заўсёды цэнтральная падзея, бо ў сельскай гаспадарцы вынік не бывае выпадковым. І так будзе заўсёды, таму што сельская гаспадарка – гэта бесперапынны працэс, які не ведае выхадных і святочных дзён. І гэту галіну выбіраюць толькі самыя моцныя і годныя людзі, якія ўмеюць рупліва і эфектыўна гаспадарыць! Нізкі Вам паклон, працаўнікі сельскай гаспадаркі!

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga