Нам даверана памяць. Дзятлаўчане адзначылі 80-годдзе вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Галоўнае Падзеі Улада

Урачыстыя мерапрыемствы распачаліся мітынгам на сакральным для жыхароў раёна месцы – каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову і брацкай магілы загінулых воінаў.

Тут сабраліся прадстаўнікі ўлады, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, навучэнцы школ, каб ушанаваць воінаў, якія аддалі жыццё за мір на Зямлі.

9 ліпеня – асаблівая дата для нашага раёна: у гэты дзень, 80 гадоў таму доўгачаканую свабоду ад нацысцкага прыгнёту на нашу малую радзіму прынеслі войскі Чырвонай арміі разам з партызанамі Ленінскай брыгады, часцямі дывізій 3-й арміі і авіяцыі. У ноч на 9 ліпеня быў дадзены загад разбамбіць пераправы і знішчыць жывую сілу і тэхніку ворага. Было зроблена 100 вылетаў, загад выкананы бліскуча. А днём 9 ліпеня 1944 года ў выніку паспяховага наступлення часці 283-й стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Васіля Андрэевіча Канавалава вызвалілі тады гарадскі пасёлак Дзятлава.

Са святам вызвалення горада Дзятлава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысутных павіншаваў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

– Сёння, знаходзячыся нагэтым святымдля кожнагаз нас месцы, калябрацкаймагілы, у якой пахаваны 64 ваеннаслужачыя і партызаны, якія паклалі жыцці пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, і каля помніка Героям Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова – сімвалаў воінскай доблесці і славы, мы аддаём даніну павагі і памяці землякам, загінулым на палях бітваў у імя вызвалення Радзімы, нізка схіляем галовы перад памяццю герояў, якія падарылі нам права свабодна жыць на роднай зямлі, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Наш гістарычныабавязакперад мінулымі будучым – захаванне памяці аб вялікім подзвігу нашых бацькоў і дзядоў, усіх тых, хто ўнёс неацэнны ўклад у перамогу над ворагам, тых, хто сваёй тытанічнай працай штодня аднаўляў раён у пасляваенныя гады.

Дарагія сябры! У гэты знамянальны дзень ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, новых поспехаў і мірнага неба над галавой. Няхай гэты дзень заўсёды будзе святам сілы духу і гонару за нашых землякоў і Айчыну.

Намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Жук  агучыў віншавальны адрас старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка:

– Дарагія сябры! Віншую вас з 80-годдзем вызвалення Дзятлаўскага раёна і ўсёй Гродзенскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сустракаючы гэту свяшчэнную дату, мы адзначаем знакавасць знішчэння нацызму, вялікую каштоўнасць нашай свабоды і незалежнасці, аддаём даніну тым, хто падарыў нам будучыню, шануем памяць і прадаўжаем закладзеныя імі традыцыі.

Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць пакаленню пераможцаў. Яно – узор самаахвярнага служэння Радзіме, нязломнай волі і цвёрдасці духу, эталон абавязку, гонару і вернасці. Восем дзесяцігоддзяў аддзяляюць нас ад самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва. Столькі часу мы пішам слова Перамога з вялікай літары, падкрэсліваючы значэнне Перамогі савецкага народа ў барацьбе з фашызмам.

Да віншаванняў далучыўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда, узгадаўшы ваенную гісторыю сваёй сям’і.

– Дзятлаўшчына – гераічны раён. Адметна, што адсюль у 1944 годзе мой дзед Герасім Фёдаравіч Жамойда адправіўся вызваляць Еўропу ад фашыстаў – тых, хто вырашыў скарыць нашу вялікую савецкую краіну, аднак у іх гэта не атрымалася. Ганаруся подзвігам свайго гераічнага продка, які пасля вайны служыў радзіме стваральнай працай – аднаўляў горад Бярозаўку, быў дэпутатам, – расказаў Андрэй Пятровіч. – І сёння, калі вакол нашай краіны капаюць акопы і сцягваюць ваенную тэхніку, мы, беларусы, нашчадкі герояў, ствараем: будуем дамы, дарогі, бальніцы, жывём і развіваемся. Дзятлаўчан ведаюць далёка за межамі раёна, паважаюць за іх гаспадарлівасць і гасціннасць. Сёння прыміце шчырыя віншаванні з юбілеем вызвалення вашага цудоўнага горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Жадаю вам мірнага неба над галавой, здароўя і дабрабыту.

Малітву за салдат і мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, узнеслі настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Андрэй Лішко і клірык сабора Святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч.

У 2024 годзе горад Дзятлава быў адзначаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. З Дня Перамогі да дня вызвалення горада ўзнагарода з пашанай перадавалася па навучальных установах раёна. У час мерапрыемства вымпел урачыста перадалі ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, у экспазіцыі якога ён будзе захоўвацца.

У гэты святочны дзень на сакральным месцы моладзь Дзятлаўшчыны заклала ў фундамент помніка воінам-вызваліцелям капсулу Памяці з пасланнем нашчадкам, якая будзе захоўвацца тут 70 гадоў. Яго тэкст склалі і агучылі навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава.

– Мы любім родную Беларусь і верым, што і ваша пакаленне застане яе мірнай, светлай, прыязнай і гасціннай! Мы ведаем, што вы прадоўжыце традыцыі нашай краіны, увасобіце нашы мары пра жыццё ў самым адкрытым і цывілізаваным грамадстве. Мы ўпэўнены, вы прымножыце нашы дасягненні, перадаўшы гэты вопыт сваім нашчадкам, якім наканавана ўбачыць такія вяршыні чалавечай цывілізацыі, пра якія сёння нават складана марыць. Мы верым у вас, яшчэ не ведаючы, якімі вы будзеце, але гэтая вера дае права думаць, што вы будзеце лепшымі і мацнейшымі.

Ва ўсе часы рухавіком прагрэсу была і будзе моладзь. Адважвайцеся, імкніцеся да вяршыняў, памятайце, што гуманізм, талерантнасць, чалавекалюбства, дабрыня кіравалі і будуць кіраваць светам. Няхай гэтыя ідэі ад нас пяройдуць да вас, а ад вас – да вашых нашчадкаў.

Мы верым, што і праз 70 гадоў над Беларуссю, светлай і мірнай, будзе свяціць цёплае сонца, лунаць Сцяг Перамогі, а па роднай зямлі будуць хадзіць удзячныя людзі, якія ведаюць праўду і памятаюць гісторыю! – сказана ў пасланні.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі да Вечнага агню і помнікаў кветкі, вянкі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Гродненская область #80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков



Теги: